Зіма, нарэшце, упэўнена ўступіла ў свае правы, і вадаёмы скавала лёдам. Безумоўна, гэта прываблівае аматараў рыбалкі.
Каб іх захапленне прынесла толькі прыемныя хвіліны і не прывяло да трагедыі, за сітуацыяй на вадаёмах Дзятлаўшчыны сочыць “Зімовы патруль”.
Чарговае рэйдавае мерапрыемства спецыялістаў аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама, раённых арганізацый таварыства ратавання на водах і ГА “БРСМ” прайшло ў горадзе Дзятлаве на 5-і азёрах райцэнтра.
– У час такіх патруляванняў мы сочым за захаваннем мераў бяспекі пры падлёднай рыбалцы, – расказаў аб прафілактычнай рабоце старшыня раённай арганізацыі АСВОД Сяргей Шпакоўскі. – Нагадваем аматарам ціхага адпачынку, што з сабою на зімовую рыбалку абавязкова трэба браць прасцейшыя ратавальныя сродкі. Гэта 15-20-метровая вяроўка з пятлёй на адным канцы і грузам 400-500 грамаў – на другім і ратавальная камізэлька ці нагруднік, дарэчы, яе наяўнасць цяпер ужо абавязковая. Памятаць варта і аб тым, што надзейны лёд – празрысты з зеленаватым адценнем, таўшчынёй не меншы за 7 сантыметраў. Удвая слабейшым за яго будзе малочна-белы, а вось самы крохкі і небяспечны – той, што ўтварыўся з мерзлага снегу. Асцярожнымі трэба быць у месцах, замеценых тоўстым пластом снегу, хуткага цячэння, выхаду крыніцаў, таксама нельга збірацца ў адной лакацыі вялікімі групамі. З пачатку 2024 года на Гродзеншчыне ахвярамі вады ўжо сталі 3 рыбакі, таму тлумачым людзям, што ў выпадку парушэнняў, адсутнасці ратавальнай камізэлькі паводле дзеючага заканадаўства яны могуць быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
– Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі таксама не застаецца ў баку ад праблемы прафілактыкі, – далучылася да размовы першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык. – Традыцыйнымі для аб’яднання сталі акцыі “Летні патруль”, калі сочым за адсутнасцю адпачывальнікаў на вадаёмах, дзе купанне забаронена, і “Зімовы патруль”, калі ў фокусе ўвагі бяспечныя паводзіны грамадзян на вадаёмах, пакрытых лёдам. Звычайна нагадваем правілы вусна і раздаём тэматычныя флаеры.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga