Аўтаномны пажарны апавяшчальнік павінен быць ва ўстаноўленай інструкцыяй і колькасці ў ведамасным жылым фондзе.
Гэта патрабаванне кіраўніцтва вобласці, накіраванае на павышэнне ўзроўню пажарнай бяспекі, было выканана на Дзятлаўшчыне яшчэ ў 2022 годзе і ўзята на рэгулярны кантроль раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях. Чарговы прафілактычны рэйд прайшоў у КСУП “Жукоўшчына”.
– Супрацоўнікі Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях рэгулярна выбарачна наведваюць домаўладанні ведамаснага жылога фонду, якія належаць сельскагаспадарчым прадпрыемствам, – расказаў намеснік начальніка Дзятлаўскага РАНС Сяргей Кухарчык. – Праверылі спрацоўку не толькі АПА, але і сігнальна-гукавой прылады (апавяшчальнік з вывадам на фасад), якая абавязкова ёсць у пакоях ведамасных кватэр, дзе жывуць дзеці. Праверкі не выявілі парушэнняў, і гэта чаканы вынік, бо ў кожным сельгаспрадпрыемстве створана і працуе спецыяльная камісія, якая кантралюе стан жылфонду.
У час рэйдаў інспектары звяртаюць увагу на выкананне нормаў пажарнай бяспекі, стан цеплагенерыруючых прыбораў і ацяпляльных агрэгатаў, электраабсталявання, наяўнасць і спраўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Пячное ацяпленне ўяўляе павышаную пажарную небяспеку ў зімовы перыяд, таму яно абавязкова правяраецца.
Ратаўнікі ўручылі грамадзянам буклеты і памяткі, нагадалі патрабаванні бяспекі і нумары экстранных службаў. Таксама звярнулі ўвагу на недапушчальнасць захламлення месцаў агульнага карыстання, тэхнічных і падвальных памяшканняў, забарону курэння на лесвічных пляцоўках, прадэманстравалі работу мабільнага дадатку “МНС: дапамога побач”, нагадалі, што рабіць, калі пачулі сігнал “Увага ўсім!”.
– Планавыя рэйды ахопліваюць не толькі ведамаснае жыллё, але і домаўладанні дзятлаўчан, якія знаходзяцца ў групе рызыкі: гэта пажылыя адзінокія грамадзяне і тыя, хто жыве адзінока, шматдзетныя сем’і, сацыяльна ненадзейныя людзі, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, – адзначыў Сяргей Іванавіч. – Наша задача – не дапусціць бяды, дапамагчы тым, каму тэрмінова гэта патрэбна (для гэтага накіроўваем лісты дзецям пажылых жыхароў раёна або вырашаем праблему пры фінансавай падтрымцы Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва), а таксама пакараць тых, хто ігнаруе правілы, падвяргаючы сваё жыццё небяспецы.
Наталля АВЯРЧУК
Фота прадастаўлены Дзятлаўскім РАНС
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga