Воранава вітала валанцёраў сярэбранага ўзросту

Важнае Культура і адпачынак

ІІ абласны злёт валанцёраў сярэбранага ўзросту Гродзеншчыны на гэты раз прымала Воранава.

Форум сабраў на адной пляцоўцы добраахвотнікаў з усіх раёнаў вобласці. Удзел ў ім прынялі і дзятлаўчане на чале са старшынёй раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галінай Касцюк.

Актыўныя і крэатыўныя людзі на заслужаным адпачынку дзяліліся вопытам работы, лепшымі практыкамі і ініцыятывамі.

Удзельнікаў сустрэчы павіталі старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Вольга Сядзельнік і старшыня Воранаўскага раённага Савета дэпутатаў Алена Ганевіч.

Было адзначана, што рух добраахвотнікаў трэцяга ўзросту імкліва пашыраецца і цяпер налічвае каля 4-х тысяч удзельнікаў з розных куткоў Прынёмання. У 2020 годзе ў Беларусі была прынята Нацыянальная стратэгія “Актыўнае даўгалецце-2030”, і “сярэбранае” валанцёрства – адзін з яе напрамкаў.

У Воранаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці ўдзельнікі форуму творча прэзентавалі свае валанцёрскія атрады і групы. У песнях, міні-пастаноўках, вершах, фота- і відэасправаздачах яны расказалі аб кірунках дзейнасці, створаных гуртках і клубах па інтарэсах. Займаючыся ў іх, пенсіянеры вучаць англійскую мову, асвойваюць лічбавыя тэхналогіі, танцуюць, спяваюць, малююць, займаюцца фізкультурай. У многіх цэнтрах арганізаваны заняткі па прынцыпе “роўны навучае роўнага”, дзе людзі катэгорыі “60+” вядуць заняткі для сваіх аднагодкаў. Прадстаўлены цэлы марафон ініцыятываў па аказанні дапамогі ў побыце, навучанні бяспецы жыцця, рабоце са школьнікамі, прыцягненні маладога пакалення да рэалізацыі сумесных праектаў.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены ўдзельнікамі злёту

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga