Разам гуляць весялей

Важнае Грамадства

У рамках Міжнароднага дня валанцёра з ініцыятывы добраахвотнікаў раённых Таварыства Чырвонага Крыжа і моладзевага валанцёрскага клуба “Мы разам” на Дзятлаўшчыне прайшла акцыя “Адкрый сваё сэрца, вучыся рабіць дабро”.

Яна ладзілася ў фармаце конкурсна-гульнявога вернісажу, далучыцца да якога выхаванцам раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі прапанавала каардынатар валанцёрскага клуба Ірына Мішчанка.

–У час сустрэч мы стараемся стварыць для сваіх падапечных камфортную, добразычлівую атмасферу, – расказала Ірына Анатольеўна. – Падобныя мерапрыемствы маюць надзвычай важнае значэнне, паколькі спрыяюць развіццю ў асаблівых дзяцей псіхафізічных здольнасцяў, эмацыянальнай сферы, рухальнай актыўнасці, а ў здаровых навучэнцаў, якія выступаюць у якасці валанцёраў, фарміруюць пачуццё суперажывання, міласэрнасці, талерантнасці да інвалідаў і наогул дапамагаюць развіць у падрастаючага пакалення гульнявую культуру, спрыт, кемлівасць.

На гэты раз Ірына Мішчанка падрыхтавала для сваіх юных сяброў цэлы арсенал цікавых конкурсаў, заданняў на кемлівасць, рухомых гульняў. Дзеці з задавальненнем прынялі ў іх удзел, атрымалі зарад бадзёрасці і добрага настрою.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены Ірынай МІШЧАНКА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga