Новая Geely – для Дзятлаўскага сельсавета

Галоўнае Улада

Напярэдадні Калядаў і Новага года калектыў Дзятлаўскага сельвыканкама атрымаў прыемны падарунак – новы аўтамабіль «Geely Emgrand» айчыннай вытворчасці, набыты за сродкі раённага бюджэту.

Ключы ад службовага аўтамабіля старшыні сельвыканкама Аляксандру Маркушэўскаму ўручыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі:

– На сёння пытанне з транспартам для сельскіх выканаўчых камітэтаў раёна цалкам вырашана. Набыццё вельмі патрэбнае, бо на старшыню сельвыканкама ўскладзена вялікая нагрузка: ён павінен быць мабільным, пастаянна быць у курсе сітуацыі ў кожным з 31 населенага пункта сельсавета, праводзіць аглядавыя камісіі, сельскія сходы, наведваць вяскоўцаў дома. Тут без надзейнага транспарту ніяк.

Аляксандр Станіслававіч расказаў, што сёлета гэта ўжо трэці аўтамабіль, які папоўніў аўтапарк сельскіх саветаў,  папярэднія з’явіліся ў Вензавецкім і Дварэцкім сельвыканкамах. Усе машыны набыты за сродкі раённага бюджэту, гэта стала магчымым дзякуючы прыбытковай рабоце сектара эканомікі Дзятлаўшчыны і ініцыятыве кіраўніцтва раёна.

Аляксандр Маркушэўскі падарунку рады: новы аўтамабіль прыйшоў на замену “Жыгулям” 2007 года выпуску, ён стане надзейным памочнікам у надзённых справах.

– Дзякуй вялікі раённым уладам за абноўку, яна нам вельмі патрэбная. Прыемна, што кіраўніцтва раёна заўжды вялікую ўвагу надае жыццю і клопатам сельвыканкамаў, разумее і падтрымлівае нас. Новая машына добрая, у параўнанні з мінулай – неба і зямля, – дзеліцца ўражаннямі Аляксандр Віктаравіч. – Прабег толькі 145 кіламетраў, дарога з Гродна да Дзятлава. Аўтамабіль зручны ў кіраванні, са звыклай механічнай каробкай перадач, добра ідзе па нашых дарогах. Не адкладваючы далёка, на гэтым тыдні зарэгіструем яго ў ДАІ і будзем актыўна выкарыстоўваць: да канца года яшчэ шмат справаў і паездак.

Наталля АВЯРЧУК 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga