Навагодняя казка жыве “Каля дуба”

Галоўнае Грамадства

Сапраўдны казачны падарунак дзецям нашага раёна зрабілі Сяргей і Жанна Калпінскія – гаспадары аграсядзібы “Каля дуба” – пры ўдзеле спецыялістаў сектара спорту і турызму райвыканкама, а таксама артыстаў Дварэцкага дома культуры.

Яны запрасілі ў госці выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава і дзіцячага дома сямейнага тыпу Русаўскіх разам з іх бацькамі-выхавальнікамі.

Сяргей Калпінскі расказаў маленькім наведвальнікам, чаму сядзіба носіць такую прыгожую назву, якія экспанаты з сялянскага жыцця тут размешчаны ў музеі пад адкрытым небам і ў доміках. Ён сам правёў для дзяцей экскурсію па тэрыторыі, расказаў пра тое, як жылі старэйшыя пакаленні беларусаў, як ладзілі свой побыт, палілі ў печы і гатавалі ежу, слухалі музыку на патэфоне і грэлі самавар.

Сяргей Міхайлавіч расказаў, што разам з гаспадыняй аграсядзібы “Каля дуба” яны далучыліся да акцыі “Нашы дзеці” і падрыхтавалі для ўсіх дзетак Дзятлаўшчыны навагодні падарунак:

– Мы рады запрасіць арганізаваныя групы дзяцей да нас на экскурсію, дзе яны даведаюцца шмат цікавага пра тое, як жылі людзі ў вёсцы, пабачаць прыгожыя краявіды, пабавяцца зімовымі гульнямі і пачастуюцца чаем з самавару. На працягу зімовых канікулаў гэта можна зрабіць бясплатна, па папярэдняй дамове са мной. Дарослыя таксама могуць наведаць нас з экскурсіямі, замовіць сямейны адпачынак або квэст-праграму (для гэтага мы супрацоўнічаем з творчымі калектывамі раёна), арганізаваць карпаратыўнае мерапрыемства. Прэйскурант цэн на паслугі ёсць у свабодным доступе або яго можна даведацца па тэлефоне. Заўжды рады гасцям!

Жанна Калпінская пачаставала гасцей духмянымі блінамі з варэннем усемагчымых гатункаў, чаем на травах, мандарынамі і цукеркамі.

Разам з артыстамі Дварэцкага дома культуры і сваімі выхавальнікамі дзеці навучыліся гуляць у традыцыйныя забаўкі і нават станцавалі зімовы флэш-моб. Гэты дзень напэўна застаўся яркім успамінам для ўсіх.

– Думаю, усе ўдзельнікі акцыі “Нашы дзеці”, якія сёння наведалі сядзібу “Каля дуба” ў Цяцейках, атрымалі шмат пазітыву і цяпла. Гэта дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, яны з радасцю прынялі гэты сапраўды каштоўны падарунак, – адзначыла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама, старшыня раённага аб’яднання грамадскай арганізацыі “Беларускі дзіцячы фонд” Алена Чайкоўская.

Алена Анатольеўна расказала, што цяпер да акцыі “Нашы дзеці” актыўна далучаюцца арганізацыі-“шэфы” – Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”, Дзятлаўскі лясгас, РУП ЖКГ і іншыя. Яны прыходзяць у дзіцячыя калектывы з віншаваннямі і падарункамі. У хуткім часе адбудзецца раённы ранішнік, таксама забаўляльныя і дабрачынныя навагоднія мерапрыемствы пройдуць ва ўсіх навучальных установах раёна.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga