Нам даверана памяць. Вайна – гэта слёзы і кроў, гібель нявінных

Важнае Грамадства

Прадаўжаецца цыкл сустрэч у рамках праекта Генеральнай пракуратуры па расследаванні крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

На Дзятлаўшчыне з ініцыятывы пракуратуры раёна і аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама людзям расказваюць, што такое нацызм, якую пагрозу ён нясе чалавецтву, паказваюць тэматычныя відэастужкі.

На гэты раз пракурор Віталій Юрго і начальнік аддзела Вольга Рагачова сустрэліся з працоўнымі калектывамі ААТ “Дварэцкі льнозавод” і “Граніт-Агра”.

– У наш час мы бачым, што ў некаторых краінах нацызм зноў прадпрымае спробы свайго адраджэння, – акцэнтавала ўвагу ўдзельнікаў сустрэч на важным Вольга Рагачова. – У Беларусі пракуратура прадаўжае расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа, выяўляюцца ўсё новыя абставіны і доказы, папаўняецца спіс населеных пунктаў, знішчаных карнікамі. Усе гэтыя факты выносяцца для ўсеагульнага азнаямлення.

– Ваеннае ліхалецце пакінула крывавы след на беларускай зямлі, – падкрэсліў Віталій Юрго. – Палітыка гітлераўскай Германіі на тэрыторыі нашай краіны вялася асабліва жорстка, і знішчэнне жыхароў самымі зверскімі спосабамі было пастаўлена на паток ужо з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны.

Што тычыцца Дзятлаўшчыны, тут было 6 месцаў прымусовага ўтрымання мясцовага насельніцтва і ваеннапалонных. Гэта Дзятлаўскае, Новаяльнянскае, Дварэцкае, Казлоўшчынскае гета, турма ў Дзятлаве і лагер для мірных жыхароў у Жыбартоўшчыне.

У рамках уціхамірвальных карных аперацый знішчаліся цэлыя вёскі з жыхарамі. У Дзятлаўскім раёне пры вывучэнні архіўных крымінальных справаў было выяўлена, што поўнасцю знішчаны жыхары і дамы ў вёсках Вялікая Воля, Дубраўка, Дубароўшчына, Трахімавічы, Ліпічанская пушча, Гарадкі, часткова – Руда Яварская, Гута, Навасёлкі.

У рамках дзейнасці створанай з ініцыятывы Генпракуратуры міжведамаснай камісіі па ўвекавечанні памяці ахвяраў генацыду беларускага народа ажыццяўляецца добраўпарадкаванне месцаў пахавання і перапахавання знойдзеных у час расследавання астанкаў з прысваеннем спецыяльнага прававога статусу “Гісторыка-мемарыяльнае месца пахавання”.

Атрыманыя новыя факты дазваляюць лічыць, што маштабы ваеннай трагедыі ў Беларусі значна большыя, чым меркавалася раней.

Многія карнікі ў пасляваенны час былі асуджаны, аднак частцы з іх удалося пазбегнуць пакарання і знайсці прытулак за мяжой. У рамках спецыяльнай вытворчасці крымінальныя справы будуць разглядацца, нават калі іх ужо няма ў жывых.

Напрыканцы сустрэчы госці прадставілі яе ўдзельнікам відэастужку “Карнікі Дырлівангера” з дакументальнага цыклу “Без тэрміну даўнасці” аб генацыдзе мірнага насельніцтва.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga