На Дзятлаўшчыне з’явілася дашкольнае лясніцтва

Галоўнае Грамадства

На базе дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава адкрылася першае ў раёне дашкольнае лясніцтва “Баравічок”.

10 выхаванцаў старэйшай групы пад кіраўніцтвам выхавальніцы Алены Капковіч урачыста прынялі ў рады юных лесаводаў.

З прыемнай місіяй у дзіцячы сад завіталі дырэктар Дзятлаўскага лясгаса Сяргей Дурко, намеснік кіраўніка па ідэалагічнай рабоце Аляксей Урбановіч, метадыст аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Пазняк.

Загадчыца дзіцячага сада № 2 Святлана Ус павітала гасцей і выказала ўпэўненасць, што выхаваўчы працэс у іх дашкольнай установе – спрыяльная глеба для работы дашкольнага лясніцтва:

– Другі год запар мы рэалізуем са сваімі выхаванцамі праграму эколага-біялагічнага аб’яднання па інтарэсах. Таксама на занятках яны вучацца берагчы прыроду, пашыраюць свае ўяўленні аб навакольным свеце. Згодна з тым, што дзеці з самага маленства павінны атрымліваць экалагічнае выхаванне. Мы ўпэўнены, што юныя лесаводы будуць дастойнымі памочнікамі для прафесіяналаў лясной гаспадаркі раёна.

– Школьныя лясніцтвы не адзін год паспяхова працуюць на Дзятлаўшчыне: гэта некалі знакамітае Лявонавіцкае, якое перадало эстафету Казлоўшчынскаму школьнаму лясніцтву, такія ж структуры былі створаны ў сярэдніх школах № 1 і № 3 горада Дзятлава. Іх удзельнікі актыўна займаюцца даследчай праектнай дзейнасцю, з поспехам абараняючы гонар раёна на канферэнцыях і конкурсах самага высокага ўзроўню, а дзеці, занятыя ў лясніцтвах, атрымліваюць вялізную асалоду ад стасункаў з прыродай, – расказала Наталля Пазняк. – Вельмі прыемна, што з кожным годам лясная сям’я папаўняецца, сёння ў яе ўвайшлі самыя малодшыя. Радуе, што грунтоўнае вывучэнне лесу і пытанняў экалогіі цяпер будзе пачынацца з дашкольнага ўзросту.

У творчай праграме маленькія абаронцы прыроды расказалі і паказалі дарослым, што яны не толькі добра ведаюць лес, але і “на зубок” замацавалі правілы паводзінаў у ім, гатовы да актыўных.

У сваю чаргу Дзятлаўскі лясгас з радасцю прыняў папаўненне ў свае рады: для дзяцей была пашыта спецыяльная форма, амаль як у дарослых, якую ўпрыгожылі значкі юных лесаводаў. Кіраўніцтва арганізацыі падрыхтавала для дашкалят падарункі і пачастункі – наборы гульнявога садовага інвентару, скрынкі з цукеркамі, салодкія баравічкі, тэматычны торт з лагатыпам лясной аховы.

Сяргей Дурко расказаў аб перспектыве адкрыцця дашкольных лясніцтваў на Дзятлаўшчыне.

– Любоў да лесу і лясной прафесіі трэбы развіваць, пачынаючы з дзіцячага садка. У гэтым узросце ў дзяцей закладваецца правільны стэрэатып, пачуццё адказнасці, дысцыплінаванасці ў адносінах да прыроды. Дзеці – наша будучыня і будучыня нашага лесу. Як мы сёння разам з педагогамі прыўём любоў да прыроды, ад гэтага ў далейшым будзе залежаць дабрабыт ляснога фонду раёна. Акрамя таго, сённяшняе мерапрыемства дае старт пакрокавай падрыхтоўцы дзяцей да атрымання профільнай адукацыі, – адзначыў Сяргей Віктаравіч.

Наперадзе ў маленькіх лесаводаў – рэалізацыя самых смелых ідэй і праектаў, удзел у прыродаахоўных акцыях, правядзенне назіранняў і даследчай дзейнасці, а таксама арганізацыя тэматычных экскурсій, шмат адкрыццяў і знаходак разам з педагогамі і бацькамі, якія таксама прыйшлі іх падтрымаць у гэты важны дзень.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga