Міша Белуш: жыццё за Перамогу

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Вуліцы горада, названыя імёнамі герояў.

Міхаіл Андрэевіч Белуш нарадзіўся ў 1924 годзе ў вёсцы Руда Ліпічанская Мастоўскага раёна, удзельнік партызанскага руху. У партызанах з мая 1943 года, радавы атрада “Кастрычнік” партызанскай брыгады “Першамайская”. Падарваў 8 варожых эшалонаў. У баі пры разгроме варожага гарнізона ў вёсцы Купіск Навагрудскага раёна накрыў сваім целам станкавы кулямёт. Так 16 чэрвеня 1944 года Міхаіл Белуш паўтарыў подзвіг Матросава.

Камандзір партызанскага атрада “Кастрычнік” Аркадзій Гарэлік успамінаў: “За кароткі час Міша Белуш асвоіў падрыўную справу і папрасіў, каб яму дазволілі асабіста падарваць варожы эшалон. Не толькі партызаны, але і камандаванне атрада імкнулася па магчымасці апякаць юнака. Міхаіла некалькі крыўдзіла такая апека, і гэта пачалі разумець старэйшыя таварышы. Ужо ніхто з іх не прапаноўваў Мішу ў паходзе паднесці яго рэчмяшок або зброю, не выдзялялі яму большы кавалачак са скудных партызанскіх запасаў… А калі Міша ўсё ж настаяў, каб яму дазволілі падарваць варожы эшалон, з ім, нарэшце, пагадзіліся. Але першы яго спушчаны пад адхон эшалон ледзь не стаў для яго  апошнім. На заданне пайшлі трое – Міша і яшчэ два падрыўнікі. Дабраліся да чыгункі Баранавічы – Ліда. Прытаіліся ў кустах і пачалі вывучаць становішча і падыходы да чыгункі. Метраў за трыста справа – бункер, дзе знаходзілася ахова. Злева, недалёка, лагчына, па якой можна было не так прыкметна прабрацца да насыпу.

Вопытныя падрыўнікі расказалі Мішу, як ён павінен выкарыстаць мясцовасць, прасілі запомніць кожную купінку, кожны кусцік і камень, каб пры выпадку скарыстацца імі.

Ноч паступова апускала сваю цёмную коўдру на лес, кусты, поле. Вось ужо і зусім стала цёмна. Падрыўнікі падпаўзлі бліжэй да чыгункі. Двое залеглі ў прыкрыцці – злева і справа. Міхаіл па раней вызначаных арыенцірах папоўз да чыгункі. Каля насыпу спыніўся. Рукамі намацаў шпалы, затым рэйкі. Пачаў капаць паглыбленне для закладкі толу. Але тут пачуў тонкі гук каменьчыка аб рэйку. Міша Белуш прытаіўся і заўважыў, што з боку бункера ідзе ў яго бок ахоўнік. Немец прайшоў зусім побач і, тупаючы па шпалах, удаляўся. Метраў за два-тры гэтага ахоўніка сустрэў другі, які ішоў насустрач. Фашысты спыніліся, пра нешта ціха пагаварылі і раптам змоўклі. Яны закурылі і моўчкі стаялі зусім побач. З боку Баранавічаў пачуўся шум цягніка, і толькі тады, калі стаў прыкметны свет ад паравоза, фашысты разышліся. Тады Міша ліхаманкава запрацаваў рукамі, падкапаў паглыбленне, уставіў тол, вывеў выбухоўнік. Калі ён адпаўзаў, прамень святла ад паравознай фары пералічваў, як пацеркі, шпалы. Грукнуў выбух, заскрыгатала жалеза, затрашчалі дошкі. Таварышы павіншавалі Мішу Белуша з першай удалай аперацыяй на чыгунцы”.

Восем спушчаных пад адхон варожых эшалонаў было на рахунку Мішы Белуша.  Калі ў падрыўнікоў меўся запас толу і выбухоўнікаў, ён не ўпускаў магчымасці, каб не падарваць дарожны мост ці тэлеграфны слуп.

Хадзіў Міша  ў разведку ў Навагрудак, Карэлічы, Мір і іншыя буйныя населеныя пункты, дзе размяшчаліся варожыя гарнізоны. Здаралася з ім у разведцы ўсякае – і кур’ёзнае, і небяспечнае. Адзін выпадак надоўга запомніўся партызанам.

Атрад спыніўся ў лесе недалёка ад гарадка, у якім размяшчаўся паліцэйскі гарнізон.  Як толькі Міша з торбай за плячамі выйшаў на ўскраіну пасёлка, яго затрымаў часавы, абмацаў усяго, засунуў руку ў торбу. І адвёў да начальніка. Той, аглядаючы Мішу, гучна нешта спытаў.

– Спадар начальнік, – нясмела адказваў Міша, – хаджу вось, дзе падпрацую, хто і так кавалак хлеба дасць. Адзін застаўся. Хату спалілі, бацькі памерлі. Жыць жа неяк трэба. Можа, тут для мяне што знойдзецца?

– Ну, заладзіў! – спыніў яго строгі начальнік. – Знойдзем табе занятак.

Ён вызваў паліцая і загадаў адвесці Мішу да повара на кухню, хай дапамагае. Пакуль паліцай вёў яго ў другі канец пасёлка, Міша змог разгледзець, дзе якія ўмацаванні, дзе стаяць пасты, дзе адкрытыя месцы. На кухні Міша дапамагаў гатаваць частаванне для гасцей з Баранавічаў. Калі ўсё было гатова, повар пайшоў спаць. А Міша сабраў прыгатаванае мяса ў кацёл, прынёс вядро пяску, усыпаў туды і выйшаў з кухні. Праз нейкі час ён ужо быў у атрадзе. А раніцай партызаны частавалі высокіх гасцей не шашлыкамі, а свінцом.

Апошні і бяссмертны свой подзвіг Міхаіл Белуш здзейсніў пры разгроме варожага гарнізона ў вёсцы Купіск Навагрудскага раёна. Калі партызаны пайшлі ў наступленне, з дзота па ім паліў кулямёт. Тады Міша падпоўз бліжэй да дзота, кінуў гранату. На нейкі час кулямёт змоўк. Партызаны падняліся ў атаку, і тут  кулямёт зноў пачаў паліць агнём. Міша Белуш прыняў апошняе ў сваім жыцці рашэнне. Ён кінуўся на кулямёт і сваім целам закрыў амбразуру дзота.

Міхаіл Андрэевіч Белуш пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені і медалём “Партызану Айчыннай вайны” I ступені.

Пасля вайны астанкі Міхаіла Белуша перанеслі і пахавалі ў брацкай магіле ў   гарпасёлку Карэлічы. На месцы подзвігу Белуша ў вёсцы Купіск устаноўлены помнік-абеліск, а ў 1977 годзе ў роднай вёсцы Руда Ліпічанская – мемарыяльны знак з надпісам: “Земляку Міхаілу Андрэевічу Белушу, які паўтарыў подзвіг Аляксандра Матросава”. Імем Міхаіла Белуша названы вуліцы ў Дзятлаве, Гродне, Мастах, Навагрудку, Карэлічах.

Матэрыял прадастаўлены Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеем

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: