На базе ГрДУ імя Янкі Купалы прайшла дыялогавая пляцоўка “Моладзь і выбары: формула адказнасці.
Роля мясцовых Саветаў дэпутатаў у рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь” з удзелам старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка, памочніка Прэзідэнта – інспектара па Гродзенскай вобласці Юрыя Караева, старшыні абласнога Савета дэпутатаў Алены Пасюта і дэпутатаў Гродзеншчыны.
Мерапрыемства сабрала актыўную, ініцыятыўную моладзь, наведалі абласны форум і нашы землякі. Сярод іх дырэктар сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава, член абласнога савета працуючай моладзі Марына Нячай.
Яна падзялілася ўражаннямі ад сустрэчы і расказала, з якім пытаннем звярнулася да кіраўніцтва вобласці і дэпутатаў:
– У дыялогавых пляцоўках разам з кіраўніком вобласці і памочнікам Прэзідэнта я ўдзельнічаю другі раз, мінулая сустрэча была на Дзятлаўшчыне ў час моладзевага турыстычнага злёту. І зноў я прыемна здзіўлена: гэта была адкрытая, шчырая размова без афіцыёзу, паперак і рамак, дзе кожны мог выказацца. Радуе тое, што ўсё больш становіцца аднадумцаў, патрыётаў, сярод якіх і першакурснікі, і работнікі калектываў у розных сферах, і маладыя грамадскія дзеячы.
Быў цікавы фармат сустрэчы: працуючая і студэнцкая моладзь магла адкрыта пагутарыць з прадстаўнікамі кіраўніцтва вобласці, задаць хвалюючыя пытанні. Напрыклад, мяне цікавіла, які працэнт маладых людзей на думку дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў можа быць у парламенце і ці расце палітычная актыўнасць моладзі. Атрымала вычарпальны адказ ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алены Патапавай. Яна падкрэсліла, што незалежна ад узросту, калі людзі маюць пэўныя прафесійныя навыкі, вопыт працы на кіруючых пасадах, калі ў іх ёсць пэўныя ініцыятывы, можна прыйсці працаваць у парламент згодна з узроставым цэнзам, прапісаным у нарматыўных дакументах. Уладзімір Каранік падтрымаў меркаванне дэпутата і заўважыў, што цяпер увогуле амаладзіліся кадры ў розных сферах. У сучасных рэаліях не варта “заглядваць” у пашпарт, а кіравацца тымі дзелавымі якасцямі, якімі валодаюць маладыя людзі. Прадстаўніцтва моладзі ў дэпутацкім корпусе не павінна абмяжоўвацца пэўным працэнтным выражэннем, галоўнае, каб разам з маладосцю ішлі любоў да Радзімы і жаданне быць карыснымі для яе, вопыт, ініцыятыўнасць і крэатыўнасць.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga