14 снежня ў будынку Дзятлаўскага сельскага выканаўчага камітэта выязны прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асобаў правёў старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі.
Да кіраўніка раёна звярнулася жыхарка райцэнтра з пытаннем пракладвання сетак водазабеспячэння па вуліцы Катоўскага. Жанчына атрымала падрабязныя тлумачэнні ў час прыёму. Згодна з дзеючым заканадаўствам грамадзяне маюць магчымасць выканаць работы па пракладванні сетак водазабеспячэння і водаадвядзення за свой кошт пры далявым удзеле дзяржавы.
– Падобныя праекты былі паспяхова рэалізаваны ў Дзятлаве на вуліцах Высоцкага, Маладзёжнай, Леніна. Грамадзяне скарысталіся магчымасцю, прадастаўленай дзяржавай, і выканалі пракладванне неабходных сетак камунікацыі да сваіх домаўладанняў, а дзяржава аказала ім садзейнічанне ў арганізацыі работы і прыняла ўдзел у аплаце кошту будаўніцтва, кампенсаваўшы не менш за 50 % сумы, астатак якой грамадзяне выплачваюць у растэрміноўку на працягу трох гадоў, – расказаў Андрэй Уладзіміравіч. – Як паказвае практыка, такое супрацоўніцтва з’яўляецца плённым, перспектыўным, эфектыўным. Аднак для гэтага жыхарам домаўладанняў, якія зацікаўлены ў пракладванні камунікацый, неабходна самім праявіць ініцыятыву: арганізаваць таварыства ўласнікаў, заказаць праектна-каштарысную дакументацыю.
Наталля АВЯРЧУК
Фота Ірыны КАМАРОВАЙ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga