ГрадусПлюс. Слізкая гісторыя

Важнае Грамадства

Снежань – час святочнай мітусні і пераднавагодніх забегаў па ўпрыгажэнні для дома, падарункі блізкім і яшчэ мільён розных клопатаў.

Галоўнае ў гэтым спрынце – зберагчы сваё здароўе, што, як аказалася, часам бывае няпроста. Разам высветлім, наколькі бяспечныя зімой ганкі ў Дзятлаве, для гэтага прагуляемся па вуліцы Горкага, дзе нямала папулярных у дзятлаўчан месцаў. Вузкія ўваходы, высокія ганкі, якія ў сухое надвор’е не выклікаюць дыскамформу, у галаледзіцу становяцца аб’ектамі павышанай небяспекі. Уладальнікі і арандатары памяшканняў спраўляюцца з праблемай па-рознаму.

Да прыкладу, гаспадары офіса кабельнага тэлебачання “Ростра” паклапаціліся аб сваіх кліентах, паклаўшы гумовы дыванок, які не дасць упасці нават у пераменлівае надвор’е.

Далей пункт “Еўрапошты”, які ўсе мы часта наведваем у перадсвяточныя дні. Ганак слізкі, пакрыцця ніякага няма, але ёсць аб’ява на дзвярах: “Слізкія прыступкі!”. Праўда, днём за таніраваным шклом не кожны яе разгледзіць, а выходзячы з будынка са стосам пасылак, на радасцях можна і зусім забыцца на небяспеку, “злавіць зайца” або нават су’ёзна траўмавацца.

Яшчэ адно месца масавага наведвання – магазін “Тры цаны”, на ўваходзе, куды ёсць тры даволі небяспечныя прыступкі, аб’ява з папярэджаннем таксама прысутнічае, акрамя таго тут ёсць парэнчы і дыванок, праўда, не гумовы.

Наступны ганак – уваход у прадстаўніцтва “Белдзяржстраху” па Дзятлаўскім раёне. Арганізацыя не толькі зберагае здароўе і маёмасць дзятлаўчан, але і сама з’яўляецца ўвасабленнем надзейнасці і бяспекі. На ўваходзе – пандус, шырокі ганак, гумовае пакрыццё прысутнічае.

Пасля імправізаванага рэйда мяне не пакідае адно пытанне: а што будзе, калі нехта ўсё ж атрымае траўму на такім ганку, дзе слізка, але быццам бы папярэдзілі аб небяспецы? Гэта будуць праблемы пацярпелага, які сам вінаваты, што не быў асцярожным, або арганізацыі, якой належыць слізкі ганак? Сумневы на гэту тэму развеяла загадчыца юрыдычнай кансультацыі Дзятлаўскага раёна, адвакат Эдзіта Перажок:

– Такія выпадкі сустракаюцца ў юрыдычнай практыцы, бывала, падобныя спрэчкі вырашаліся ў судзе, які прымаў бок пацярпелых, абавязваў гаспадароў памяшкання выплачваць ім не толькі расходы на лячэнне, але і маральную шкоду.

Згодна з санітарнымі нормамі, правіламі і гігіенічнымі нарматывамі, зацверджанымі пастановай Міністэрства аховы здароўя ад 1 лістапада 2011 года № 110 тратуары і пешаходныя зоны, ганак і прыступкі будынкаў і збудаванняў у зімовы час павінны штодня і па меры неабходнасці ачышчацца ад снегу, наледзі і пасыпацца процігалалёднымі сродкамі, дазволенымі да выкарыстання ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Дарожныя службы забяспечваюць чысціню вуліц, уездаў і выездаў з праезнай часткі, тратуараў і прыпынкаў грамадскага транспарту, а за ачыстку тэрыторый прыватнай уласнасці (прыступак крамы, бізнес-цэнтра або іншага аб’екта) адказныя ўласнікі або арандатары нерухомасці. Дарэчы, за тратуары, прылеглыя да прыпынкаў з павільёнамі, адказваюць уладальнікі павільёнаў або арганізацыі, з якімі ўладальнікі заключылі дагавор на абслугоўванне. Калі сітуацыя спрэчная, высветліць, за кім замацавана тэрыторыя, дзе вы атрымалі траўму, можна ў мясцовым выканкаме.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga