Гасцям у Беларусі рады заўсёды

Важнае Грамадства

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову Савета Міністраў і Міністэрства замежных спраў аб падаўжэнні на 2024 год бязвізавага ўезду, які дзейнічае з Літвой, Латвіяй і Польшчай.

Дзятлаўшчына не з’яўляецца прыгранічным рэгіёнам, аднак і ў наш раён завітваюць іншаземныя госці. Цікава было даведацца, што на гэты конт думаюць землякі.

Аляксандр Бараноўскі, старшыня раённага Савета дэпутатаў:

– Я толькі “за”, бо заўсёды лічыў, што паміж краінамі-суседкамі бар’ераў і перашкодаў быць не павінна. Так склалася гістарычна, што паміж нашымі народамі існуюць не толькі дыпламатычныя, сяброўскія, але і сваяцкія сувязі: на Дзятлаўшчыне жыве нямала сем’яў, у якіх ёсць родныя ў Літве, Латвіі, Польшчы.

Беларусь вядзе адкрытую міралюбівую знешнюю палітыку, па-сяброўску працягвае руку і аказвае гуманітарную падтрымку многім народам, якія з-за прыродных бедстваў ці ваенных дзеянняў трапілі ў цяжкую сітуацыю.

Беларусы хочуць жыць мірна і спакойна і да гасцей з-за мяжы яны добра адносяцца, што пацвярджае і бязвізавая сістэма ўезду для літоўскіх, латвійскіх і польскіх грамадзян. Яны едуць да нас, каб сустрэцца з блізкімі, адпачыць як турысты, а некаторыя і проста набыць па прывабных цэнах тавары і лекі, скарыстацца недарагімі медыцынскімі паслугамі. У час такіх візітаў грамадзяне суседніх дзяржаваў могуць упэўніцца, што ў Беларусі няма “дзікай” дыктатуры, мы не “зачыняемся” ад суседніх народаў, гасцінна прымаем усіх, хто прыязджае з міралюбівымі мэтамі, што наша эканоміка развіваецца – у магазінах шырокі выбар тавараў, населеныя пункты – добраўпарадкаваныя, дарогі – зручныя.

Аляксандр Ківуля, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў:

– Нягледзячы на санкцыі і інфармацыйную блакаду Захада, палітыка нашай краіны скіравана на добрасуседскія адносіны. Не сакрэт, што за часы існавання Савецкага Саюза ў Літве і Латвіі засталося жыць і працаваць нямала беларусаў, а на тэрыторыі нашай краіны ў іх жывуць родныя, суседзі, якіх хочацца наведаць. Для такіх людзей “бязвіз” вельмі дарэчы. Ды і многія іншыя грамадзяне краін-суседак ужо скарысталіся гэтай магчымасцю, каб прыехаць у Беларусь. Да іх тут адносяцца добра, гасцінна, па-сяброўску, яны могуць адпачыць, наведаць цікавыя мясціны і гістарычныя аб’екты.

Я толькі “за” падаўжэнне бязвізавай сістэмы ўезду для грамадзян Літвы, Латвіі і Польшчы, бо гэта прыносіць узаемную карысць. Ведаю са словаў знаёмых, што і сярод насельніцтва краін-суседак “бязвіз” толькі вітаецца і набывае ўсё большую папулярнасць.

Ірына СТЫРНІК    

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga