Дзелавы панядзелак. Снег, лёд і падрыхтоўка да святаў

Важнае Улада

Зіма трывала ўступае ў свае правы, а таму і многія пытанні штотыднёвай нарады старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з кіраўнікамі і спецыялістамі службаў раёна тычыліся менавіта сезоннай тэмы.

Асцярожна: снегапады

Як заўсёды, першых на трываласць снежнае надвор’е праверыла дарожнікаў і камунальнікаў. Ад таго, наколькі якасна працуе снегаўборачная тэхніка, напрамую залежыць бяспека ўсіх удзельнікаў дарожнага руху. Прычым значэнне мае не толькі стан непасрэдна праезнай часткі, але і тратуараў. Калі яны не расчышчаны, пешаходы ранкам у прыцемках ідуць на работу ці ў навучальныя ўстановы па ўзбочыне, калі ж на іх няма яшчэ і флікераў – рызыка павялічваецца ў разы. На жаль, у нашай вобласці ўжо ёсць негатыўныя прыклады падобных сітуацый. Засцерагае дзяржаўтаінспекцыя і ад складавання снежных “гораў” уздоўж праезнай часткі, асабліва каля пешаходных пераходаў. За такімі перашкодамі вадзіцель можа не заўважыць дзіця, якое будзе пераходзіць вуліцу па правілах, аднак рызыкуе аказацца пад коламі.

У сувязі са снегападамі кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі даў даручэнне спецыялістам адказных службаў прасачыць, каб снег на вуліцах і дарогах убіраўся якасна і своечасова, а таксама заклікаў кіраўнікоў усіх арганізацый і ўстановаў паклапаціцца пра расчыстку і пасыпку, дзе гэта неабходна, падведамаснай тэрыторыі і стаянак.

З надыходам маразоў не губляюць пільнасці работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Калі мінулы тыдзень выдаўся без вогненных здарэнняў на Дзятлаўшчыне, то сваёй работы не спынялі аглядавыя камісіі, якія надаюць увагу ўразлівым катэгорыям грамадзян, асабліва асацыяльнага ладу жыцця, бо апошнія рызыкуюць не толькі трапіць у спіс пагарэльцаў, але і замерзнуць, калі не разлічаць сваіх сілаў і заснуць у сумёце. Прадаўжаюцца і маніторынгі на зімовых вадаёмах. Сур’ёзных мінусавых тэмператураў пакуль не было, таму лёд лёг не вельмі трывала, на розных участках вадаёма яго таўшчыня можа адрознівацца. Ратаўнікі папярэджваюць, асабліва аматараў зімовай рыбалкі, што пакуль лепш увогуле не рызыкаваць, калі ж захапленне адольвае, то, як мінімум, сядзець з вудай на лёдзе неабходна ў выратавальнай камізэльцы.

Каб сустрэць святы з добрым настроем

Менш за месяц засталося да Новага года. Гэты час праляціць непрыкметна, а таму пра добры настрой лепш паклапаціцца загадзя. Многія жыхары раёна ўжо пачалі набываць падарункі, гірлянды, упрыгажэнні, прадукты, піратэхніку. Каб за паўсядзённымі клопатамі мы не забыліся пра асноўныя правілы бяспекі, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях з 12 па 30 снежня будзе рэалізоўваць рэспубліканскую акцыю “Бяспечны Новы год”. Аднак да парадаў спецыялістаў варта прыслухацца ўжо цяпер: калі будзеце купляць “агеньчыкі” і феерверкі, то рабіце гэта ў прадаўцоў, якія маюць адпаведныя дакументы аб якасці на такія вырабы. Што тычыцца навагодняга стала, то магазіны раёна пастараюцца забяспечыць запыты насельніцтва, зрабіць выбар багатым і разнастайным, не забыцца пра скідкі і акцыі.

Як усе заўважылі, райцэнтр і іншыя населеныя пункты раёна паступова ўпрыгожваюцца ілюмінацыяй і тэматычнымі інсталяцыямі, а на плошчу 17 Верасня ўжо даставілі каркас галоўнай навагодняй прыгажуні. 15 снежня стартуе рэспубліканская дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”, закліканая падарыць святочную радасць хлопчыкам і дзяўчынкам, а ў след за ёй будзе запушчана яшчэ і акцыя “Ад усёй душы”, у час якой парадуюць пажылых людзей, якія знаходзяцца ў стацыянарных установах. Свята павінна завітаць да кожнага.

Іншыя тэмы коратка

9 снежня ў Беларусі будуць успамінаць ахвяраў генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Варта адзначыць, што дата гэта афіцыйна абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН у верасні 2015 года. Вызначана яна невыпадкова: у 1948 годзе 9 снежня была прынята Канвенцыя аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго.

У дыстанцыйнай алімпіядзе сярод школьнікаў Слонімскага, Навагрудскага, Карэліцкага, Дзятлаўскага раёнаў, прымеркаванай да 850-годдзя з дня смерці беларускай асветніцы Ефрасінні Полацкай, навучэнцы Дварэцкай, Новаяльнянскай, Казлоўшчынскай сярэдніх школ заваявалі 6 прызавых месцаў.

Удача спрыяла дзятлаўскім школьнікам і ў конкурсе дзіцячай творчасці Навагрудскай епархіі “Прыгажосць Божага свету”: у секцыі даследаванняў двое навучэнцаў раёна занялі І і ІІІ месцы, яшчэ дзве перамогі дасталіся дзятлаўчанам у конкурсе літаратурнай творчасці.

Пераможцам абласнога конкурсу “Я пазнаю свет” стаў навучэнец 8 класа Новаяльнянскай сярэдняй школы Аляксей Умоўскі (кіраўнікі Алена Баковіч, Сяргей Сокал).

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: