Эканоміка БССР, убудаваная ў эканоміку СССР, мела свае асаблівасці.
З 1926 года і да канца першай пяцігодкі ў краіне асноўная ўвага надавалася развіццю лёгкай і харчовай прамысловасці, у іншых жа рэспубліках стаўка рабілася галоўным чынам на цяжкую індустрыю.
Адной з самых значных прамысловых новабудоўляў Беларусі ў гады першай пяцігодкі стаў завод сельскагаспадарчага машынабудавання ў Гомелі (“Гомсельмаш”). У 1930-я гады ён вырабляў сіласарэзкі, бульба- і сенасарціровачныя машыны, малатарні, сенакасілкі, іншую сельгастэхніку для патрэбаў усяго Саюза. Да 1941 года прадпрыемства выпусціла больш за 326 тысяч сельскагаспадарчых машын 26 серыйных марак.
Дзякуючы актыўнаму росту прамысловасці ўжо ў 1931 годзе аб’ём яе прадукцыі перасягнуў аб’ём валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. З аграрнай рэспублікі БССР ператварылася ў індустрыяльна-аграрную. Узніклі новыя галіны прамысловасці, адбылося станаўленне вялікай электраэнергетыкі, пачала фарміравацца сетка чыгуначнага, аўтамабільнага, рачнога транспарту.
Правядзенне індустрыялізацыі патрабавала ўмацавання сельскагаспадарчага сектара, бо вёска з’яўлялася галоўнай крыніцай сыравіны для прамысловасці, “карміла” гарадскіх жыхароў. Першыя калгасы ў БССР з’явіліся ў канцы 1917-пачатку 1918 года. У іх уступалі пераважна парабкі і беззямельныя сяляне. З-за малых ураджаяў, нізкай прадукцыйнасці працы рэспубліка не забяспечвала сваіх патрэбаў у харчаванні і сыравіне, у гарадах увялі карткі на прадукты. Савецкае кіраўніцтва палічыла, што вырашыць праблему зможа ўсеагульная калектывізацыя. Курс на яе ў лістападзе 1929 года ў газеце “Праўда” задаў артыкул Іосіфа Сталіна “Год вялікага пералому”. Выкарыстанне метадаў адміністрацыйнага і эканамічнага прымусу прывяло да таго, што ў сакавіку 1930 года ў калгасы было аб’яднана 58 % ад агульнай колькасці сялянскіх гаспадарак. Фарсіраваныя тэмпы калектывізацыі выклікалі масавую незадаволенасць сялян. Вострая сітуацыя ў вёсцы вымусіла кіраўніцтва ВКП(б) прыняць тэрміновыя меры: 2 сакавіка 1930 года ў газеце “Праўда” з’явіўся новы артыкул Іосіфа Сталіна “Галавакружэнне ад поспехаў” з асуджэннем прымусовай калектывізацыі.
Чарговая яе хваля ўжо была звязана не з прымусам, а з прагрэсам: пачалося распаўсюджванне машынна-трактарных станцый. Да 1937 года іх было ўжо 200 па краіне. Таму і ў калгасы, дзе праца станавілася больш лёгкай і выніковай, аб’ядналіся ўжо 87,5 % сялянскіх гаспадарак. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны калектывізацыя ў БССР была ў асноўным завершана.
Аднак! Варта памятаць, што тэрыторыі Заходняй Беларусі да 1939 года знаходзіліся ў складзе Польшчы. Таму самыя актыўныя калектывізацыя і індустрыялізацыя тут пачаліся ў пасляваенны час.
Што адбывалася на Дзятлаўшчыне?
У 1946-1948 гадах набываў тэмп рух за стварэнне калгасаў. Першым на тэрыторыі тагачаснага Казлоўшчынскага раёна ў Яварскім сельсавеце ў снежні 1946 года з’явіўся калгас “Новае жыццё”. У лютым 1948 года і на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна ў Засецкім сельсавеце быў заснаваны калгас “Перамога” (цяпер філіял “АграМілк”). Да верасня таго ж года падобных гаспадарак было ўжо 18, аднак адчувалася і супраціўленне часткі насельніцтва.
1950 год стаў пераломным для калгаснага руху: гаспадаркі аб’ядналі 81 % сялянскіх домаўладанняў. З’яўляліся ў раёне і машынна-трактарныя станцыі ў Міроўшчыне (1944 г.), Наваельні (1952 г.), Раготне (1953 г.), Казлоўшчыне (1956 г.).
У 1953 годзе ў строй уведзены Дварэцкі льнозавод, затым пабудаваны хлебазаводы ў Дзятлаве, Наваельні, крухмальны – у Борках, пачалі дзейнічаць Парэцкі спіртзавод, міжрайбаза “Сельгастэхніка” ў Наваельні, Дзятлаўскі вінзавод, перасоўная механізаваная калона, міжкалгасная будаўнічая арганізацыя.
З 50-х стартавала паскоранае будаўніцтва гідраэлектрастанцый мясцовага значэння: Навасёлкаўскай (1953 г.), Гезгалаўскай (1960 г).
У ліпені 1947 года адкрылася Дзятлаўская раённая бібліятэка. У 1948-ым раён меў 13 клубаў. У 1953-ім працавалі 62 школы, ва ўсіх выкладанне вялося на беларускай мове.
У чэрвені 1946 года ў Наваельні быў адкрыты рэспубліканскі Дом адпачынку для членаў прамысловых арцеляў на 60 чалавек.
У сярэдзіне 60-х насельніцтва раёна атрымлівала медыцынскую дапамогу ў 8 бальніцах (400 ложкаў), 2 амбулаторыях, 2 пунктах здароўя, 26 ФАПах, 7 аптэках, у 1966 годзе ў Гезгалах адкрыўся дзіцячы санаторый “Ластаўка” на 50 месцаў. У медустановах працавалі 39 дактароў, 275 работнікаў з сярэдняй медыцынскай адукацыяй.
У 1968 годзе пачаў працаваць Дзятлаўскі музей народнай славы.
У верасні 1993 года адпачывальнікаў прыняў санаторый “Радон”.
У 90-х гадах Дзятлаўшчына спецыялізавалася на вытворчасці мяса, малака, ільну, бульбы, зернебабовых культур.
Падрыхтавала да друку Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga