Па тэме з аналітыкай. Калі дзіця прызнаецца ў сацыяльна ненадзейным становішчы?

Важнае Грамадства

Тэма

Адбыліся змяненні ў заканадаўстве аб прызнанні дзяцей у сацыяльна ненадзейным становішчы

Тлумачэнні спецыяліста

Вольга Ламака, загадчыца аддзела па асноўнай дзейнасці сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава:

– Гэта пытанне рэгулюецца пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 студзеня 2019 года № 22 “Аб прызнанні дзяцей у сацыяльна ненадзейным становішчы”. Пастановай зацверджана Палажэнне аб парадку прызнання, устаноўлены крытэрыі і паказчыкі сацыяльна ненадзейнага становішча.

Выяўленне такіх дзяцей – гэта комплекс дзеянняў дзяржаўных органаў, дзяржаўных і іншых арганізацый па выяўленні абстаноўкі, пры якой не задавальняюцца асноўныя жыццёвыя патрэбы непаўналетняга, не забяспечваецца нагляд за яго паводзінамі і ладам жыцця, бацькі або іншыя асобы, якія ўдзельнічаюць у выхаванні і ўтрыманні, вядуць амаральны лад жыцця, у сувязі з чым ёсць пагроза для здароўя ці жыцця дзіцяці.

З 1 снежня 2023 года ў пастанову ўнесены змяненні, пашыраны паказчыкі сацыяльна ненадзейнага становішча.

Паказчыкі недабрабыту:

– бацькі пакідаюць дзіця без ежы або сістэматычна адсутнічаюць прыдатныя для харчавання дзіцяці стравы, якія адпавядаюць фізіялагічным патрэбам дзіцячага арганізма і не наносяць шкоду здароўю непаўналетняга, адпавядаюць узросту;

– бацькі дапускаюць пражыванне дзіцяці ў жылых памяшканнях, дзе печы, цеплагенерыруючыя агрэгаты, газавае абсталяванне, газаправоды, электрычныя сеткі, электрапрыборы не адпавядаюць патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў або эксплуатацыйнай дакументацыі на іх і ўяўляюць пагрозу жыццю і бяспецы; не працуюць, дэманціраваны прылады аўтаматычнага выяўлення і апавяшчэння аб пажары; надворныя пабудовы і прыдамавая тэрыторыя не адпавядаюць патрабаванням пажарнай бяспекі; ёсць умовы, якія ствараюць непасрэдную пагрозу ўзнікнення пажару;

– бацькі сістэматычна не выконваюць рэкамендацыі медыцынскіх работнікаў па дыягностыцы, лячэнні або медыцынскай рэабілітацыі дзіцяці, што пагражае яго жыццю і здароўю;

– бацькі перашкаджаюць атрыманню дзіцем абавязковай агульнай сярэдняй адукацыі;

– бацькі на працягу аднаго месяца з дня рэгістрацыі нараджэння або з дня прыезду на новае месца жыхарства (знаходжання) не забяспечваюць рэгістрацыю дзіцяці па месцы жыхарства (знаходжання);

– у адносінах да бацькоў устаноўлены факты, якія пацвярджаюць, што яны не кантралююць паводзіны і месцазнаходжанне дзіцяці, з прычыны чаго яно самавольна пакідае дом, бадзяжнічае, учыняе спробу суіцыду, атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні ад знешніх фактараў і пагроз, у тым ліку з-за пажару, падзення з вышыні, атручвання псіхаактыўнымі рэчывамі;

– двое бацькоў або той з іх, хто адзін гадуе дзіця, больш за тры месяцы не працуюць ці не ажыццяўляюць іншую дзейнасць, дазволеную заканадаўствам або дапускаюць неналежнае расходаванне пенсій, дзяржаўных дапамогаў сем’ям, якія гадуюць дзяцей, аднаразовых выплат, прызначаных на дзіця, матэрыяльнай дапамогі, дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, з-за чаго не задавальняюць асноўныя жыццёвыя патрэбы дзіцяці, дапускаюць адсутнасць ежы, адзення, абутку, месца для адпачынку, заняткаў і гульняў дзіцяці.

Звярніце ўвагу

Паказчыкамі таго, што “бацькамі не забяспечваецца кантроль за паводзінамі дзіцяці і ладам яго жыцця, з-за чаго яно ўчыняе  дзеянні з прыкметамі адміністрацыйнага правапарушэння або злачынства”, з’яўляюцца ўстаноўленыя факты неаднаразовага на працягу года прыцягнення бацькоў да адміністрацыйнай адказнасці або вызвалення ад адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнне, прадугледжанае артыкулам 10.3 КоАП РБ, а таксама ўстаноўленыя факты ў адносінах да бацькоў у рамках адміністрацыйнага або крымінальнага працэсу, якія пацвярджаюць, што яны не кантралююць паводзіны і месцазнаходжанне дзіцяці, у выніку чаго яно ўчыніла правапарушэнне і з ім пачата індывідуальная прафілактычная работа.

Варта ведаць

Да паказчыкаў таго, што “бацькі, іншыя асобы, якія ўдзельнічаюць у выхаванні і ўтрыманні дзіцяці, вядуць амаральны лад жыцця, які аказвае шкоднае ўздзеянне на непаўналетняга, злоўжываюць сваімі правамі, жорстка абыходзяцца з дзіцем, з-за чаго ёсць небяспека для жыцця і здароўя дзіцяці”, адносяцца:

– факты прыцягнення такіх асобаў да адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні па артыкулах 10.1; 17.1; 18.15; 19.1; частках 2-5 артыкула 19.3, артыкулах 19.4; 19.5; 19.8; 19.10-19.12; 25.11;

– устаноўлены факты ўжывання імі наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў, алкагольных напояў, з-за чаго да іх выкарыстоўваліся прафілактычныя меры ўздзеяння;

– устаноўлены факты жорсткага абыходжання з дзіцем, фізічнага, сексуальнага, псіхалагічнага гвалту;

– устаноўлены факты ўчынення гэтымі асобамі адміністрацыйнага правапарушэння ці злачынства ў стане адурманьвання ад наркатычных, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў;

– устаноўлены факты ўхілення гэтых асобаў ад дыспансернага назірання, у сувязі з хранічным або зацяжным псіхічным расстройствам (захворваннем) з цяжкімі, устойлівымі або частымі абвастрэннямі, або наяўнасцю сіндрому залежнасці ад алкаголю, наркатычных, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў.

Даведка

Прызнанне дзіцяці ў сацыяльна ненадзейным становішчы ажыццяўляецца па выніках сацыяльнага расследавання, праведзенага ўстановай адукацыі ў вызначаным парадку паводле Палажэння “Аб парадку прызнання дзяцей у сацыяльна ненадзейным становішчы”.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga