Абітурыенту-2024. Стаць абаронцам Айчыны – пачэсна

Важнае Грамадства

Прафарыентацыйнае мерапрыемства для навучэнцаў 10-11 класаў гарадскіх школ прайшло на базе сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава.

Са старшакласнікамі сустрэліся ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец і прадстаўнікі Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь – начальнік цыкла кафедры інжынернага забеспячэння, радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны і экалогіі падпалкоўнік Дзмітрый Матусевіч і дацэнт кафедры падпалкоўнік Артур Хамзін.

– Галоўнай вышэйшай навучальнай установай нашай краіны, якая рыхтуе афіцэраў для Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца Ваенная акадэмія, – адзначыў Дзмітрый Матусевіч. – Выпускнікі адзінаццатых класаў маюць магчымасць паступаць на 7 яе факультэтаў: агульнавайсковы, сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання, супрацьпаветранай абароны, ваеннай разведкі, авіяцыйны, унутраных войскаў, факультэт ракетных войскаў і артылерыі і ракетна-артылерыйскага ўзбраення. Працягласць навучання ў сярэднім 4 гады. Курсанты вучацца на бюджэтнай форме, а стыпендыя дасягае 500 рублёў штомесяц. Па заканчэнні ім прысвойваецца афіцэрскае званне “лейтэнант”. На працягу вучобы ёсць магчымасць атрымаць вадзіцельскае пасведчанне. Кожны выпускнік акадэміі будзе гарантавана працаўладкаваны ў Беларусі, атрымае магчымасць кар’ернага росту, стабільную дастойную зарплату, сістэму дзяржаўных ільготаў і гарантый, у тым ліку магчымасць ільготнага крэдытавання на будаўніцтва жылля, многае іншае.

Для паступлення ў акадэмію да 1 красавіка 2024 года неабходна падаць адпаведную заяву ў ваенны камісарыят па месцы жыхарства. У вызначаны тэрмін прайсці прафадбор, медасведчанне, прафесійна-псіхалагічнае тэсціраванне. Прыём дакументаў і залічэнне будзе ажыццяўляцца ў ліпені 2024 года, а больш падрабязная інфармацыя знаходзіцца на афіцыйным сайце ВНУ.

Госці таксама падкрэслілі, што апошнім часам у акадэмію паступае ўсё больш дзяўчат. У курсантаў установы ёсць магчымасць праходжання навучання ад Ваеннай акадэміі РБ у вышэйшых спецыялізаваных установах Расійскай Федэрацыі з абавязковай далейшай службай на Радзіме. Мінулагоднія прахадныя балы ў залежнасці ад спецыяльнасці ў акадэміі вагаліся ад 131 да 360. Яшчэ сярод “плюсаў” установы – сучасная спартыўная і ваенная база, трэнажоры, высокакваліфікаваныя выкладчыкі, бясплатныя пражыванне, харчаванне, абмундзіраванне.

Напрыканцы ваенны камісар раёна Генадзь Суравец адзначыў, што 4 мінулагоднія выпускнікі Дзятлаўшчыны паступілі і вучацца менавіта на ваенных спецыяльнасцях. Ён запрасіў і сёлетніх адзінаццацікласнікаў сур’ёзна абдумаць такую магчымасць і пры станоўчым рашэнні прыйсці ў ваенкамат для размовы ўжо на пачатку студзеня 2024 года.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga