З узнагародай. Сказалі “зробім!” – атрымалі рэспубліканскі дыплом

Галоўнае Грамадства

Дзятлаўчане прадставілі адзін з лепшых у краіне праект па арганізацыі шостага школьнага дня.

У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі прайшоў заключны этап IX Рэспубліканскага конкурсу на лепшую арганізацыю “школьнай суботы”, які сабраў на адной пляцоўцы навучэнцаў з розных куткоў Беларусі, іх педагогаў, творчыя калектывы, прадстаўнікоў валанцёрскіх атрадаў і моладзевых клубаў.

У намінацыі “Шосты дзень – ад ідэі да ўвасаблення” дыпломам II ступені адзначаны праект моладзевага брэндзінгавага агенцтва “Зробім!” Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі пад аўтарствам дырэктара ўстановы Таццяны Ваніслаўчык.

– Праект скіраваны на развіццё грамадзянскай і сацыяльнай актыўнасці падлеткаў і моладзі, – расказала Таццяна Пятроўна. – Барацьба за перамогу пачалася яшчэ ў верасні. Мы вырашылі прадставіць эфектыўны вопыт, назапашаны калектывам нашага цэнтра па фарміраванні актыўнай грамадзянскай пазіцыі, патрыятызму, развіцці інфармацыйнай культуры ў моладзевым асяроддзі. Педагогі дасканала прадумалі тэматыку субот, напоўніўшы іх карысным зместам.

Гэта былі і работа “цяпліцы”моладзевых сацыяльных ініцыятываў, і гістарычныя рэканструкцыі з элементамі сучасных лічбавых тэхналогій, а таксама культурныя і працоўныя суботы, эколага-патрыятычныя і этнапраекты, матывуючыя шоу, фестывалі, работа віртуальных і рэальных творчых прастораў, многае іншае. Да работы агенцтва падключылі найбольш крэатыўных педагогаў і навучэнцаў аб’яднанняў па інтарэсах, членаў навучэнцкай палаты моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў, бацькоў, грамадскасць. Інфармацыйную прастору праекта арганізавалі ў рэжыме дыялогавай пляцоўкі 24/7. Нестандартная ідэя і творчы падыход дапамаглі заваяваць абласную перамогу і выйсці ў прызёры рэспубліканскага фіналу.

Праект у сталіцы давялося абараняць ва ўмовах высокай канкурэнцыі, бо спаборнічала 21 каманда пераможцаў абласных і гарадскіх конкурсаў. Мы прадстаўлялі сваю работу ў фармаце аднаго з “працоўных дзён” агенцтва “Зробім!”, што дазволіла раскрыць мэты і задачы цікава і крэатыўна. Арыгінальнасць падачы шырокага практычнага матэрыялу, назапашанага за год работы агенцтва, была адзначана і гледачамі, і журы. Аднак падкрэслю, што гэты поспех – заслуга ўсяго калектыву. Ідэя ад узнікнення да рэалізацыі праходзіць доўгі шлях, аднаму чалавеку ўвасобіць яе ў жыццё немагчыма, над “агранкай” канцэпцыі працуе цэлая каманда педагогаў і дзяцей, да таго ж дастойны вынік быў бы немагчымы без усебаковай падтрымкі аддзела адукацыі і раённага выканаўчага камітэта.

Дарэчы, сёлета наш вопыт па рэалізацыі праекта ўжо быў адзначаны двума дыпломамі ІІ ступені на XX Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнцкай моладзі. У чэрвені моладзевая ініцыятыва “Дадатковая адукацыя, дзіцячыя і моладзевыя грамадскія аб’яднанні Дзятлаўшчыны ў датах, падзеях, асобах”, распрацаваная агенцтвам, стала пераможцам рэспубліканскага конкурсу і атрымала грант 18 658 рублёў на далейшую рэалізацыю.

Сярод перспектываў нашага праекта – стварэнне google-платформы “#Крэатыўны цэнтр агенцтва “Зробім!”, рэалізацыя спраў патрыятычнага марафону працоўных субот “А што ТЫ зрабіў для Беларусі?”, праекта Інтэрнэт-хостынгу “Вялікая Айчынная вайна: погляд моладзі” да 80-годдзя вызвалення Гродзенскай вобласці і Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 80-ай гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Уражаннямі ад удзелу ў праекце і выступлення ў фінале падзяліліся і навучэнцы.

Мацвей Глускі, гімназія № 1 горада Дзятлава:

– Праект мне вельмі падабаецца. Наша мэта: прыцягнуць як мага больш навучэнцаў да мерапрыемстваў 6-га школьнага дня, а таму яны маюць самую розную скіраванасць, на любы густ: ад культурна-адукацыйных і турысцка-краязнаўчых да сацыяльна-працоўных, экалагічных, творчых – і разлічаны на розныя ўзроставыя катэгорыі вучняў. Лічу, што і ад прэзентацыі нашай работы на сцэне залежала многае. Мы змаглі паказаць, што за час сваёй рэалізацыі праект нас згуртаваў, аб’яднаў, і журы гэта ацаніла.

Анастасія Мілейка, гімназія № 1 горада Дзятлава:

– Адно з найбольш памятных для мяне мерапрыемстваў праекта – гэта матывацыйнае шоу для ўдзельнікаў ІІ этапу прадметных алімпіяд, якое ладзілася цэнтрам на базе нашай гімназіі. Вучні расказвалі пра свае планы і вучобу, паказвалі, што ўмеюць. Я дэманстравала вопыты па хіміі, бо рыхтавалася да абласной алімпіяды. У той дзень шмат даведалася пра сваіх равеснікаў, зразумела, наколькі яны і нашы педагогі таленавітыя, колькі намаганняў неабходна для дасягнення пастаўленых мэтаў. Таму, калі рыхтаваліся да творчай абароны праекта, вельмі хацелася перадаць гледачам свае эмоцыі, рэалізаваць гэта жаданне нам дапамаглі вопытныя педагогі Таццяна Ваніслаўчык, Ірына Мішчанка, Вікторыя Орсік, Іна Дзедава, іншыя. У Мінску сустрэлі шмат дастойных каманд, пагэтаму на сцэне давялося вылажыцца на ўсе 100. Як вынік – “сярэбраная” перамога. Аднак галоўнае, што ўсе мы, а ў камандзе было 9 дзяцей, сталі дружнымі, атрымалі карысны вопыт удзелу ў конкурсах такога ўзроўню, больш даведаліся адзін пра аднаго, сваю вобласць, краіну і зразумелі, што добрага кожны з нас асабіста можа зрабіць для сваёй школы, сям’і, горада, грамадства.

Ірына СТЫРНІК
Фота аўтара і ўдзельнікаў праекта

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga