На тэлевізійным шоу-віктарыне “Я ведаю!”, дзе юныя эрудыты Беларусі мераюцца інтэлектуальнымі сіламі ў адборачным туры паўфіналу ў паралелі 8-х класаў сярод 12 гульцоў паспяхова выступіў наш юны зямляк – васьмікласнік з гімназіі № 1 горада Дзятлава Гардзей Самахвал. Падрыхтавацца яму дапамагала педагог установы Алена Радомская.
Перадача “Я ведаю!” – сумесны праект Белтэлерадыёкампаніі і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, якая збірае на сваёй пляцоўцы самых дасведчаных, смелых, знаходлівых навучэнцаў.
Аўтары праекта падрыхтавалі для паўфіналістаў шмат складаных, займальных і крэатыўных пытанняў, для адказаў на якія спатрэбіліся не толькі веданне школьных прадметаў, але і эрудыцыя, кемлівасць, уменне хутка думаць, шырокі кругагляд. Па выніках чатырох гульняў, паказаўшы высокі ўзровень падрыхтоўкі, Гардзей Самахвал набраў 38 балаў і стаў лепшым сярод паўфіналістаў.
– Паўдзельнічаць мне прапанавала Алена Вікенцьеўна, яна ведала, што гэта было маёй марай, бо даўно з’яўляюся прыхільнікам праекта “Я ведаю!”, глядзеў усе яго выпускі, – падзяліўся ўражаннямі Гардзей. – Мы заяўляліся на гульню і летась, аднак не прайшлі адбор, а сёлета нас запрасілі на здымкі. Каб умацаваць веды, перагледзеў ранейшыя перадачы, паўтарыў матэрыял за 7-8 класы па рускай і беларускай літаратурах, гісторыі. Тым не менш, у першым туры вельмі хваляваўся, толькі потым здолеў узяць сябе ў рукі. Лічу, што атрымаць добрыя балы, акрамя эрудыцыі, мне дапамаглі інтуіцыя і ўменне настроіцца. Увогуле ж атрымаў самыя станоўчыя эмоцыі, упершыню пабыў на “Беларусфільме”, пабачыў, як у студыйных павільёнах з дапамогай святла і колеру, лічбавых тэхналогій ствараюцца звыклыя для нас застаўкі і атмасфера. Перадача, дзе здымаўся, выйдзе прыкладна ў сакавіку, а ў канцы зімы-пачатку вясны нас павінны запрасіць на фінальную гульню. Жадаю сваім равеснікам гуляць і перамагаць, мне ж пра паездку ў сталіцу будуць нагадваць дыплом удзельніка і памятныя падарункі.
– Гэта асаблівая гульня, прасякнутая духам спаборніцтва, дзе больш спрацоўваюць шырокі кругагляд і грунтоўная паўсядзённая падрыхтоўка па прадметах, – расказала Алена Радомская. – У Гардзея ўсё гэта было. Безумоўна, ён эмацыянальны малады чалавек, заўсёды хвалюецца, але здолеў сканцэнтравацца і стаў лепшым. Усе дзеці мне спадабаліся: вельмі “глыбокія”, зразумела, што цікавяцца не банальнымі рэчамі, а філасофскай, псіхалагічнай, іншай галіновай літаратурай. Гульня была цяжкая: здымкі пачаліся ў 12, а пляцоўку мы пакінулі ў 20 гадзін 30 хвілін. Наогул, за апошнія 3 гады гэта наш трэці гімназіст-удзельнік і першы буйны пераможца. Для адбору мы прадастаўляем дасягненні навучэнцаў, пацверджаныя дыпломамі. У Гардзея былі перамогі ў алімпіядах па рускай і беларускай мовах, ён прызёр міжнароднага конкурсу “Чытаем Пушкіна”, раённай алімпіяды па хіміі, прычым за курс 9 класа. Гэты грунтоўны “паслужны спіс” і дапамог прайсці адбор. Што тычыцца падрыхтоўкі да ўдзелу, яна была больш псіхалагічнай, бо гульня ці ідзе, ці не. Усе людзі на праекце пазітыўныя, добразычлівыя, вельмі дапамагалі, вучылі, як трэба, стваралі атмасферу, дзеці таксама былі добрымі адзін да аднаго. Магчымасць хоць раз пабываць на тэлебачанні я ўжо лічу ўзнагародай і ўнікальным шанцам. Для мяне паездка таксама была карыснай. Лічу, што важна ў жыцці прайсці такое пераадоленне. У Гардзея, напрыклад, мара на пэўным этапе ўжо збылася. Жадаю яму і надалей захоўваць яго душэўнасць і дабрыню, заставацца мэтанакіраваным і быць пераможцам заўжды і ва ўсім – ён гэтага дастойны.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga