Цыганы. Апошні прытулак

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

На тэрыторыі Дзятлаўшчыны, акрамя беларусаў, жыве шмат прадстаўнікоў іншых народнасцяў і нацыянальнасцяў.

Старажылы памятаюць, што ў даваенны час сярод дзятлаўчан былі і цыганы.

“Цыганы (саманазва “рома”) – народ, этнічная група, якая мае агульнае паходжанне і мову. Жывуць яны ў розных краінах свету, размаўляюць на цыганскай мове. Мяркуецца, што продкі цыганоў – выхадцы з Індыі, а на землі Беларусі трапілі ў 15 стагоддзі з Польшчы, Германіі, у канцы 16 стагоддзя – з Венгрыі. 25 мая 1501 года Вялікі князь Літоўскі Аляксандр Ягелончык выдаў грамату “войту цыганскаму”, паводле якой цыганам дазвалялася качаваць па землях княства. Паводле перапісу насельніцтва 1999 года ў Беларусі сябе афіцыйна дэкларавалі цыганамі 9927 чалавек, з іх 77 % роднай мовай назвалі цыганскую. Па перапісе насельніцтва 2009 года ў нашай краіне налічвалася 7079 цыганоў. У нашы дні ў Гродзенскай вобласці жывуць 372 прадстаўнікі цыганскай нацыянальнасці, з якіх 277 – у гарадах, 145 – у сельскай мясцовасці. У горадзе Дзятлаве цыганы не зарэгістраваны. У 1971 годзе на Першым міжнародным з’ездзе ромаў яны былі прызнаны як народ, зацверджаны іх герб, сцяг, гімн. 8 красавіка адзначаецца Сусветны дзень цыганоў” (звесткі з энцыклапедычных даведнікаў – Аўтар).

Яшчэ да Другой сусветнай вайны асноўнымі цэнтрамі размяшчэння беларускіх ромаў былі Ашмяны і Мір, цэнтрам іх збору – Зэльва.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны за мястэчкам Дзятлава, у алешніку, у накірунку Плябанавічаў, знаходзіўся цыганскі табар. Дзевяностагадовы жыхар раёна Часлаў Ярмаловіч, узгадваючы, колькі чалавек там было, называе лічбу 66 і тлумачыць, што аб гэтым яму паведаміў сведка расстрэлу – былы вадзіцель аўтамабіля жандармерыі Міхаіл. Столькі членаў цыганскага табару і абшчыны кантактавалі з мясцовым насельніцтвам, жылі сярод дзятлаўчан. Цыганы займаліся кавальствам, папрашайніцтвам, варажбой.

Вельмі рэдка па найме пасвілі свойскую жывёлу, бывала, учынялі крадзяжы маёмасці. Цыганскія дзеці нават вучыліся ў школе.

Фёдар Фёдаравіч Красюк, былы дырэктар музея Народнай Славы, разам з жыхаром горада Дзятлава Абрамам Якаўлевічам Капланам паведамлялі ў райваенкамат аб трагедыі цыганоў яшчэ ў 2005 годзе. Тады месца гібелі ўстанавіць не ўдалося. Фёдар Красюк узгадвае аповед мясцовага жыхара і ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра Іванавіча Белага, які расказваў аб тым, што разам з ім у школе вучылася цыганская дзяўчынка. Цыганы былі добрымі вернікамі. Многія з іх наведвалі каталіцкі касцёл.

З канца чэрвеня 1941 года, калі тэрыторыя раёна была акупавана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, ворагі пачалі прыцясняць і знішчаць цыганоў. Вядомы выпадак, калі здраднік за ўзнагароджанне выдаў фашыстам месца знаходжання цыганскай дзяўчыны. Яна была схоплена жандармерыяй і расстраляна. Па словах былога жыхара райцэнтра Канстанціна Юльянавіча Гардзяля, прычынай для масавага расстрэлу цыганоў быў крадзеж зброі.

– Цыганы аднымі з першых выступілі супраць акупацыйнага рэжыму. Яны нападалі на харчовыя склады, і фашыстам доўгі час не ўдавалася выйсці на след налётчыкаў. Але аднойчы цыганы забралі тры вінтоўкі і гранаты ў п’яных паліцаяў, калі тыя спалі ў адным з дамоў па вуліцы Савецкай (яе сучасная назва). Нягледзячы на тое, что злодзеі былі ў масках, фашысты даведаліся, хто абяззброіў іх памочнікаў. Усе дзятлаўскія цыганскія сем’і былі арыштаваны. Іх трымалі ў вялікім доме па той жа вуліцы Савецкай (пасля вайны ў будынку знаходзіўся кінатэатр “Перамога”). Спрабуючы даведацца неабходныя звесткі, гітлераўцы катавалі арыштаваных, але нічога не дабіліся. У канцы верасня 1941 года цыганоў пакаралі смерцю, прычым, расстрэльвалі іх паліцаі пад наглядам немцаў, – дзяліўся сваімі ўспамінамі ў 2008 годзе Канстанцін Гардзель, якому на той час было 80 гадоў.

Ёсць звесткі аб тым, што цыганы былі расстраляны невялікімі групамі. Па ўспамінах жыхаркі вёскі Засецце Браніславы Бенядзіктаўны Жукель, 1929 года нараджэння, пахаваннем расстраляных цыганоў займаліся вяскоўцы з Засецця. Выратаваўся з цыганскай абшчыны толькі хлопчык, які часта прыслужваў у касцёле ў час набажэнстваў. Дарэчы, ён пасля вайны жыў і

працаваў у райцэнтры, памёр у 2004 годзе, пахаваны на дзятлаўскіх могілках. Яго імя і прозвішча – Іосіф Чучэйка.

У 70-х гадах 20 стагоддзя ўздоўж магчымага месца пахавання расстраляных цыганоў была пабудавана дарога з Дзятлава ў накірунку вёскі Раклевічы. Аб гэтым сведчыць аповед Вацлава Браніслававіча Залеўскага, які на той час працаваў сакратаром партыйнай арганізацыі калгаса “Расія”.

Жыхар горада Дзятлава Мечыслаў Іванавіч Ёда таксама аказаў дапамогу ў вызначэнні месца расстрэлу. Ён паведаміў, што яшчэ ў дзяцінстве яму пра расстрэл 31-32 цыганоў расказалі блізкія. Разам з сябрамі Мечыслаў Ёда бачыў 2-3 земляныя насыпы даўжынёй больш за 10 метраў. Гэта месца знаходзіцца недалёка ад станцыі дыягностыкі аўтатранспарту.

Так для цыганоў дзятлаўскай абшчыны зямля нашага раёна стала апошнім, вечным прыпынкам.

Аўтар артыкула шчыра дзякуе ўсім, хто падзяліўся звесткамі аб трагедыі дзятлаўскіх цыганоў, асабліва Фёдару Красюку, які дапамог у вывучэнні гэтай малавядомай старонкі гісторыі нашага краю.

Калі ў вас, шаноўныя чытачы газеты, таксама ёсць звесткі аб трагедыі цыганоў на дзятлаўскай зямлі ў час Вялікай Айчыннай вайны і месцы іх пахавання, просім паведамляць іх вядучаму спецыялісту ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна Валянціну Аляксеевічу Абухаву па тэлефоне 2-15-03 або ў рэдакцыю газеты па тэлефоне 2-65-79.

Міхаіл ЛУК’ЯНЧЫК,
краязнаўца

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: