Ваша праца заслугоўвае павагі і захаплення (+відэа)

Галоўнае Грамадства

У Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбылася ўрачыстасць, прымеркаваная да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.

Гэта свята герояў нашага часу, якія сёлета насуперак усім цяжкасцям і выпрабаванням дасягнулі неверагодных вынікаў.

У святочнай зале сабраліся работнікі сельскагаспадарчых і перапрацоўчых прадпрыемстваў, кіраўніцтва раёна, запрошаны госць – дырэктар РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” Вадзім Худык.

З надыходзячым прафесійным святам працаўнікоў аграрна-прамысловага комплексу Дзятлаўшчыны павіншаваў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі:

– Гэты дзень – яшчэ адна нагода выказаць словы ўдзячнасці людзям, якія прысвяцілі сваё жыццё працы на зямлі, людзям, якія павышаюць дабрабыт нашай краіны. Вынікі пацвярджаюць – разам у нас многае атрымліваецца. Аб гэтым сведчаць і самыя высокія ўзнагароды рэспубліканскага ўзроўню. За апошнія 3 гады медалём “За працоўныя заслугі” ўзнагароджаны 11 працаўнікоў сельскай гаспадаркі і прамысловасці Дзятлаўшчыны, мы ганарымся імі.

Тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі за 10 месяцаў 2023 года склаў 103,4 %. Значныя поспехі дасягнуты ў галіне раслінаводства. Валавая вытворчасць збожжавых і зернебабовых культур з кукурузай у першапачаткова апрыходаванай вазе склала 80,2 тысячы тон, што на 2,9 тысячы тон больш за ўраджай 2022 года (з іх кукурузы 31 %). Валавы збор рапсу склаў 12,9 тысячы тон пры сярэдняй ураджайнасці 22,1 цэнтнера з гектара. Сабрана 37 тысяч тон караняплодаў цукровых буракоў пры сярэдняй ураджайнасці каля 490 цэнтнераў з гектара. Атрымана прыбаўка валавога збору бульбы ў параўнанні з 2022 годам у 1387 тон, валавы збор бульбы склаў 6123 тоны пры сярэдняй ураджайнасці 293 цэнтнеры з гектара. Сабраны добры ўраджай агародніны ў КСУП “Жукоўшчына”. На адну ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы нарыхтавана 31,7 цэнтнера кармавых адзінак кармоў. За 10 месяцаў 2023 года атрымана больш за 55,2 тысячы тон малака, што складае 111,6 % да аналагічнага ўзроўню 2022 года, атрымана прыбаўка малака 542 кілаграмы на адну карову. Сярэднясутачная прыбаўка буйной рагатай жывёлы 627 грамаў, свіней – 536 грамаў. У гэтым годзе актыўна вялася работа і па тэхнічным перааснашчэнні прадпрыемстваў. У трох сельскагаспадарчых арганізацыях раёна вядзецца будаўніцтва малочнатаварных комплексаў з даільна-малочнымі блокамі на 777 кароў. Машынна-трактарны парк абнавіўся новай высокапрадукцыйнай тэхнікай. Камбайнавы парк папоўнілі 14 адзінак збожжаўборачных камбайнаў, набыта больш за 20 адзінак сучаснай сельскагаспадарчай тэхнікі. Усе сельскагаспадарчыя арганізацыі завяршаюць адыходзячы год з прыбыткам.

У адзіным комплексе з працаўнікамі вёскі ідзе перапрацоўчая прамысловасць раёна. Тэмп росту па аб’ёме вытворчасці прамысловай прадукцыі за студзень-верасень 2023 года складае 123,2 % да адпаведнага перыяду мінулага года. За гэты перыяд прадпрыемствы-перапрацоўшчыкі экспартавалі за межы Рэспублікі Беларусь прадукцыі на суму 16,7 мільёна долараў ЗША.

Дарагія сябры! Хачу падзякаваць вам за стваральную і напружаную працу, за шчодры і багаты ўраджай, выгадаваны вашымі рукамі і клопатамі, за дасягнутыя вынікі. Асаблівыя віншаванні і пажаданні здароўя адрасую ветэранам сельскагаспадарчай і прамысловай галіны. Жадаю ўсім моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, шчасця, дабрабыту, бадзёрасці і энергіі, поспехаў ва ўсіх справах і пачынаннях.

Андрэй Уладзіміравіч уручыў работнікам сельскай гаспадаркі раённыя ўзнагароды. Ганаровай граматай Дзятлаўскага райвыканкама былі адзначаны вартаўнік ТАА “РоданАграПол” Сяргей Герасімовіч, намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Ірына Грыбінюкова; трактарыст-машыніст ТАА “РоданАгра” Вікенцій Крупіца, вадзіцель аўтобуса КСУП “Войневічы” Алег Лішык, трактарыст-машыніст КСУП “Хвінявічы” Сяргей Орсік, ветэрынарны доктар Дзятлаўскай раённай ветэрынарнай станцыі Таццяна Пяшко, аператар машыннага даення КСУП “Жукоўшчына” Ларыса Сямчонак, галоўны бухгалтар ААТ “Граніт-Агра” Наталля Сцяпура, трактарыст-машыніст ААТ “Дварэц-Агра” Віктар Фабішэўскі, аператар ЭВМ ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь” Наталля Астрамовіч, дырэктар ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка” Уладзімір Жых, машыніст вакуумна-ўпаковачнай машыны Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир” Аксана Кажала, галоўны бухгалтар ААТ “Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў” Уладзімір Кякшук, наладчык тэхналагічнага абсталявання ААТ “Дварэцкі льнозавод” Сяргей Мазур, слесар механазборачных работ ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка” Аляксандр Сасінскі. 30 работнікаў сельскагаспадарчых і перапрацоўчых прадпрыемстваў былі адзначаны Падзячнымі лістамі старшыні Дзятлаўскага райвыканкама.

Да словаў віншавання далучыўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі і адзначыў узнагародамі лепшых працаўнікоў АПК. Ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў ён уручыў работнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Марыі Ціхан, Наталлі Бражыцкай, Аляксандру Шундрыку, Вераніцы Кажала, падзячныя лісты старшыні раённага Савета дэпутатаў – Таццяне Ярмаш, Мікалаю Шыху, Сяргею Лешчуну.

Першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка агучыў вынікі спаборніцтваў сярод сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў, вытворчых участкаў, механізатараў у выкананні ўсяго комплексу сельскагаспадарчых работ.

На нарыхтоўцы травяных кармоў лепшым прызнана ААТ “Граніт-Агра” (дырэктар Станіслаў Мазур, галоўны аграном Алена Майсейчык, галоўны інжынер Андрэй Падліпскі), другім стаў СГФ “АграМілк” (начальнік Аляксандр Грынкевіч, галоўны аграном Андрэй Лежань, галоўны інжынер Васіль Каральчук), трэцяе месца ў КСУП “Войневічы” (дырэктар Сяргей Францішчык, намеснік дырэктара Аляксандр Лахач, галоўны інжынер Сяргей Пятліцкі); на нарыхтоўцы лёну сярод сельгаспрадпрыемстваў першае месца ў КСУП “Войневічы”, другое – у ААТ “Граніт-Агра”, трэцяе – у СГФ “АграМілк”.

Заслужаныя ўзнагароды атрымалі пераможцы спаборніцтваў, якія працавалі на кормаўборачных трактарах і камбайнах, на касьбе траў, нарыхтоўцы лёну, прасаванні саломы і ворыве.

Па выніках раённых спаборніцтваў сярод жывёлаводаў лепшым у раёне прызнаны калектыў КСУП “Жукоўшчына” (дырэктар Васіль Алясюк, галоўны заатэхнік Тамара Карэцкая, галоўны ветэрынарны доктар Пётр Калюцік), на другім месцы – КСУП “Хвінявічы” (старшыня Мікалай Бубноўскі, галоўны заатэхнік Марыя Слушко, галоўны ветэрынарны доктар Іван Апанасік). Сярод лепшых лінейных фермаў на першым месцы калектыў МТФ “Данілавічы” (ААТ “Граніт-Агра”), на другім – МТФ “Погіры” (КСУП “Жукоўшчына”), на трэцім – МТФ “Парэчча” (КСУП “Хвінявічы”); сярод новых малочнатаварных фермаў з даільнымі заламі першае месца ў МТФ “Парэчча-777” (КСУП “Хвінявічы”), другое – у МТФ “Краглі” (КСУП “Жукоўшчына”). Таксама на раённай сцэне былі ўзнагароджаны лепшыя жывёлаводы раёна, пераможцы вытворчых спаборніцтваў.

Сёлета ўбіраць багаты ўраджай агародніны сельгаспрадпрыемствам дапамагалі навучальныя ўстановы і арганізацыі раёна, самыя актыўныя з іх атрымалі падарункі. Так, дырэктар КСУП “Хвінявічы” Мікалай Бубноўскі ўручыў калектыву Хвінявіцкай сярэдняй школы сертыфікат на 2000 рублёў на абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы, Гезгалаўская і Жукоўшчынская сярэднія школы атрымалі сертыфікаты на 1000 рублёў ад дырэктара КСУП “Жукоўшчына” Васіля Алесюка.

Калег па працы павіншаваў старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Казак і ўручыў прафсаюзныя ўзнагароды да прафесійнага свята.

Святочны настрой гасцям мерапрыемства дарылі артысты Дзятлаўшчыны, а таксама нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча.

У фае цэнтра культуры і народнай творчасці працавала выстава-дэгустацыя ад перапрацоўчых прадпрыемстваў Дзятлаўшчыны.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga