Тэлеканал “Беларусь 3” завітаў на Дзятлаўшчыну

Галоўнае Культура і адпачынак

У вёсцы Погіры нашага раёна прайшлі здымкі тэлеперадачы “Наперад у мінулае”, прысвечанай абраду “Уваходзіны”.

“Наперад у мінулае” – праграма аб фальклорнай спадчыне Беларусі.

Штотыдзень здымачная група праекта адпраўляецца ў экспедыцыю ў адзін з куткоў нашай краіны, даследуе яго гісторыю і запісвае мясцовыя абрады і песні. Па выніках вандроўкі пэўная кампазіцыя набывае новае жыццё. Гэтым разам журналісты тэлеканала “Беларусь 3” разам з вядучай Аксанай Вечар прыехалі ў госці да жыхаркі вёскі Погіры Марыі Шыдла, якая з’яўляецца ўдзельніцай фальклорнага калектыву. Тут работнікі Гезгалаўскага дома культуры, метадычнага аддзела раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, гезгалаўскія школьнікі і самі погірскія спявачкі ўзнавілі аўтэнтычны абрад “Уваходзіны”, які адпавядае сучаснаму наваселлю.

– Абрадавыя дзеянні, якія ляглі ў аснову сцэнарыя, збіраліся ў Гезгалах і навакольных вёсках, у тым ліку ў Погірах, – расказвае метадыст метадычнага аддзела раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Таццяна Янушкевіч. – Гледачы пазнаёмяцца з традыцыямі гэтай мясцовасці: як гаспадар і гаспадыня заходзілі ў новую хату, што абавязкова прыносілі з сабою, якія сімвалічныя падарункі рыхтавалі госці. У тэлеперадачы прагучаць беларуская народная песня “Грымата” і мясцовая – “Кавылёк, кавылёк” у выкананні народнага песеннага калектыву вёскі Погіры.

Таццяна Генадзьеўна ўзнавіла сюжэт абраду, які лёг у аснову сцэнарыя перадачы. Па народнай традыцыі спачатку ў доме начаваў кот. Перш чым увайсці ў новы дом, гаспадары кланяліся парогу, абыходзілі вакол стала, прымаўляючы запаветныя словы, пасля чаго гаспадар вешаў у чырвоным куце абраз. Уся сям’я збіралася вакол стала, на якім абавязкова прысутнічаў хлеб як знак дабрабыту ў доме. Дзеці разам з матуляй упрыгожвалі печ кветкамі і ручнікамі, сыпалі ў яе зерне. У гэты дзень сустракалі гасцей, якія прыходзілі з падарункамі: яны кідалі манеты на печ, каб сям’я жыла багата, прыносілі зерне, каб хата была поўная хлебам, дарылі гаспадыні воўну або тканіну, палавікі, посуд, чартапалох – ад злых духаў, гарбуз і хатнія прысмакі з пажаданнямі шчаслівай долі, моцнага здароўя і дастатку. Гаспадары і суседзі збіраліся на вялікае застолле, якое абавязкова заканчвалася частаваннем гаспадынінымі пірагамі.

Перадача “Наперад у мінулае” тэлеканала “Беларусь 3” ужо трэці раз на Дзятлаўшчыне, папярэднія яе выпускі былі прысвечаны выпяканню каравая ў вёсцы Студзераўшчына і абраду “Каляды” ў Наваельні.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: