Служба “адно акно”. Выратавацца ад спёкі і холаду: тлумачым, як узгадніць устаноўку кандыцыянера ў кватэры

Важнае Да ведама грамадзян

Адкрытыя вокны і вентылятар не ратуюць, калі на вуліцы ўжо +35, батарэі зімой таксама не заўсёды гарантуюць цеплыню ў пакоях.

Кандыцыянер жа дазваляе стварыць любы камфортны мікраклімат. Але яго не заўсёды можна проста ўзяць і ўстанавіць.

Ёсць два віды кандыцыянераў: мабільны і спліт-сістэма. Для мабільных кандыцыянераў не трэба ніякіх узгадненняў, таму што гэта манаблок з трубой, якая выводзіцца ў акно. Ён не патрабуе мантажу і не займае месца на фасадзе.

У спліт-сістэм ёсць знешні блок, які ўстанаўліваюць на фасад будынка, і ўнутраны, які вешаюць у кватэры. Паміж імі пракладваюць кабелі і трубы. Для такой сістэмы неабходна ўзгадненне, таму што кандыцыянер патрабуе мантажу і змяняе аблічча фасада.

Важна ведаць, што трэба зрабіць у адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства.

– Перад устаноўкай кандыцыянера на фасадзе шматкватэрнага дома неабходна атрымаць узгадненне аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама, – тлумачыць спецыяліст службы “адно акно” Дзятлаўскага райвыканкама Станіслава Ганчар. – Для гэтага грамадзянін павінен звярнуцца ў нашу службу і напісаць заяву, да якой прыкласці тэхпашпарт і дакумент, які пацвярджае права ўласнасці на памяшканне.

Дакументы будуць разгледжаны і ўзгадненне на ўстаноўку выдадзена на працягу 15 дзён з дня падачы заявы. Працэдура гэта бясплатная. Тэрмін дзеяння ўзгаднення неабмежаваны.

Але ёсць падставы і для адмовы ў яго выдачы. Заяўнік не атрымае дазволу, калі прадаставіў дакументы або звесткі, якія не адпавядаюць патрабаванням заканадаўства, у тым ліку падробленыя або несапраўдныя. Ва ўзгадненні будзе адмоўлена і ў тым выпадку, калі ў выніку ўстаноўкі кандыцыянера можа адбыцца зніжэнне прыдатнасці шматкватэрнага жылога дома да эксплуатацыі і ёсць пагроза абвальвання яго канструкцый. Устаноўка кандыцыянераў забаронена на фасадах шматкватэрных жылых дамоў, унесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, а таксама якія выходзяць на галоўныя вуліцы і плошчы населеных пунктаў, пералік якіх вызначаюць органы ўлады.

Калі ўзгадненне на ўстаноўку атрымана, можна заключаць дамову з юрыдычнай асобай або індывідуальным прадпрымальнікам, якія ажыццяўляюць яго мантаж.

Калі штосьці пойдзе не так і будынак або інжынерныя сістэмы дома атрымаюць пашкоджанні, неабходна неадкладна інфармаваць арганізацыю, якая ажыццяўляе эксплуатацыю жыллёвага фонду і (або) прадастаўляе жыллёва-камунальныя паслугі, а затым ліквідаваць пашкоджанні і іх наступствы за кошт сродкаў асобаў, якія іх дапусцілі.

Важна ведаць, што за самавольную ўстаноўку кандыцыянера без узгаднення прадугледжана адміністрацыйная адказнасць: у адпаведнасці з артыкулам 22.9. КоАП Рэспублікі Беларусь парушальніка чакае штраф у памеры ад 2 да 15 базавых велічыняў.

Графік работы службы “адно акно”: панядзелак, аўторак, чацвер, пятніца – з 8 да 17 гадзін; серада – з 8 да 20 гадзін; выхадныя дні – субота, нядзеля. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне 2-71-61 або па адзіным даведачна-інфармацыйным нумары 142.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga