Што такое суправаджальнае працаўладкаванне?

Важнае Грамадства

Тэма. Людзям з інваліднасцю дапамагаюць працаўладкавацца.

Слова спецыяліста

Намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама Ірына Баравік.

– Работа нашага аддзела з беспрацоўнымі інвалідамі будуецца на індывідуальным падыходзе да кожнага з іх. Перш за ўсё ўлічваем псіхафізічныя асаблівасці беспрацоўнага, медыцынскія паказанні да працы, адукацыйны ўзровень, наяўнасць прафесійных навыкаў, асабістыя пажаданні.

Наш аддзел выкарыстоўвае такую меру падтрымкі людзей з інваліднасцю, як суправаджальнае працаўладкаванне. Прычым, адаптацыя інвалідаў да працоўнай дзейнасці можа ажыццяўляцца ў арганізацыях любых арганізацыйна-прававых формаў, а таксама ў індывідуальных прадпрымальнікаў на тэрмін ад шасці месяцаў да аднаго года.

Факт

У цэлым адаптацыя інвалідаў уяўляе сабой мерапрыемствы, скіраваныя на набыццё і ўдасканаленне імі прафесійных ведаў, уменняў і навыкаў з улікам атрыманай спецыяльнасці ці прафесіі. Таксама гэта набыццё, аднаўленне і развіццё працоўных здольнасцяў інвалідаў і замацаванне іх у працэсе працоўнай дзейнасці, павышэнне канкурэнтаздольнасці такіх людзей на рынку працы, іх працаўладкаванне па атрыманай спецыяльнасці ці прафесіі.

Што тычыцца непасрэдна суправаджальнага працаўладкавання, то гэта комплекс мераў падтрымкі людзей з інваліднасцю, скіраваны на рэалізацыю іх працоўных правоў. Прычым заканадаўствам прадугледжана падтрымка як такога работніка, так і яго наймальніка, што ўключае браніраванне працоўных месцаў для інвалідаў, кампенсацыю наймальніку па аплаце працы інваліда, садзейнічанне ў пошуку работы, паслугі па суправаджальным працаўладкаванні.

З жыцця

У Дзятлаўскім раёне ёсць паспяховыя прыклады такога працаўладкавання. З падтрымкай службы занятасці арганізавана індывідуальнае суправаджэнне інваліда ў Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства, у выніку чаго чалавек быў працаўладкаваны з кампенсацыяй наймальніку мінімальнай заработнай платы.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga