Што цікавага гімназісты даведаліся ў архіве?

Грамадства Свежыя навіны

У рамках рэспубліканскай акцыі “Архівы – школе” навучэнцы гімназіі № 1 горада Дзятлава пабывалі ў Дзяржынску ў Беларускім дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў.

Ён з’яўляецца адзіным у рэспубліцы сховішчам аўдыёвізуальных дакументаў і адным з найбуйнейшых іх захавальнікам. Экскурсаводы расказалі, што тут можна знайсці, паказалі, як ажыццяўляць пошук з дапамогай навукова-даведачнага апарата. Асаблівую цікавасць у гімназістаў выклікалі дакументы на плёначных носьбітах, магнітнай стужцы, грампласцінках, аўдыё- і відэакасетах, якія цяпер мала выкарыстоўваюцца. Дзятлаўчане даведаліся, якія тэхналагічныя працэсы дазваляюць захоўваць гэту ўнікальную аўдыёвізуальную спадчыну, як адбываюцца кантроль за яе станам і рэстаўрацыйна-прафілактычныя мерапрыемствы, чаму адлічбоўваюцца ўсе віды дакументаў.

Не менш цікава ў кіназале было прагледзець кадры кінахронікі аб тым, як пасля Вялікай Айчыннай вайны аднаўляўся практычна цалкам разбураны Мінск. Як нашы суайчыннікі адзіным фронтам узяліся за разбор завалаў і ўжо ў 1952-ім годзе ад іх нічога не засталося, а беларуская сталіца паступова ператваралася ў зборачны цэх Савецкага Саюза. Аўтамабільны, трактарны, радыёзаводы прыцягвалі на работу тысячы спецыялістаў, для якіх будавалася жыллё. Грандыёзная работа праводзілася па азеляненні горада: высаджваліся новыя паркі, сады, скверы. З кожным днём Мінск станавіўся ўсё больш прыгожым, камфортным, сучасным.

Вывучаць гісторыю роднай краіны праз такія вандроўкі вельмі пазнавальна, а галоўнае, што пабачанае застанецца ў памяці назаўжды.

Ганна СІНЕВІЧ,
навучэнка гімназіі № 1 горада Дзятлава

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga