У Брэсцкай крэпасці ў лістападзе афіцыйна стартавала будаўніцтва Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі.
Яно набыло статус Усебеларускай моладзевай будоўлі, урачыстае адкрыццё якой адбылося на Кобрынскім умацаванні. У сімвалічнай акцыі прынялі ўдзел больш за 200 чалавек, у тым ліку намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі, які адзначыў:
– Прыемна, што маладое пакаленне, маладыя людзі хочуць і імкнуцца быць патрыётамі сваёй краіны. Стварэнне такога цэнтра дазволіць нам выхоўваць людзей, якія будуць з гонарам несці славу дзядоў і прадзедаў. Аб’ект аб’яўлены Усебеларускай моладзевай будоўляй. Але, я думаю, гэта будоўля для ўсіх грамадзян нашай краіны, і прыкласці руку да гэтага аб’екта павінны ўсе беларусы. Сённяшні наш збор – гэта толькі пачатак шляху. Але мне б хацелася, каб гэты шлях быў нядоўгім. Каб мы ўсёй краінай, сабраўшыся ў адзіны кулак, зрабілі вялікую работу, якая дасць магчымасць дастойна выхоўваць маладое пакаленне.
Варта ведаць, што Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі стварыў відэаролік “Пабудуем патрыятычны цэнтр разам” і распрацаваў лістоўку з QR-кодам, што пераводзіць на старонку ЕРИП, дзе пазначаны дабрачынны рахунак. Чалавеку, які жадае ўнесці свой уклад у добрае пачынанне, трэба толькі запоўніць графу “сума”.
Як расказала першы сакратар Дзятлаўскага раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, моладзевая арганізацыя нашага раёна таксама не застаецца ў баку ад важных падзей.
– Раённы камітэт ГА “БРСМ” ужо разаслаў лістоўкі з QR-кодам у пярвічныя арганізацыі, размяшчаем іх таксама на інфармацыйных стэндах, аўтобусных прыпынках. З ініцыятывы нашай моладзевай арганізацыі на Дзятлаўшчыне быў праведзены Дзень ударнай працы, заробленыя грошы пералічаны на рахунак для будаўніцтва Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі. Да добраахвотнага ахверавання далучыліся і актывісты нашага аб’яднання. На гэтым работа не заканчваецца, яна будзе прадоўжана і далучацца могуць усе жадаючыя.
Патрыятычны цэнтр – гэта наша гісторыя, наша памяць. А ўсе мы ведаем знакамітую фразу Міхаіла Ламаносава: “Народ, які не ведае свайго мінулага, не мае будучыні”.
Усебеларуская моладзевая будоўля разлічана на 16 месяцаў, яе завяршэнне запланавана на сакавік 2025 года, і думаю, усе мы будзем аказваць актыўную дапамогу, каб гэты важны для Беларусі аб’ект быў узведзены.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga