Па тэме з аналітыкай. Не памыляйцеся! Тэсты на прафарыентацыю

Важнае Грамадства

Тэма. Як школьніку выбраць будучую прафесію?

Факт

Сучасныя школьнікі выбіраюць прафесію на аснове навыкаў і захапленняў, натхняюцца гісторыямі поспеху вядомых бізнесменаў, арыентуюцца на меркаванні блогераў, слухаюць бацькоў, настаўнікаў, аднакласнікаў.

Слова спецыяліста

Намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама Ірына Баравік:

– Выбар прафесіі ў школьныя гады можа паставіць у тупік, але ёсць спосабы аблегчыць пошук справы жыцця. На партале дзяржаўнай службы занятасці размяшчаецца лічбавы сэрвіс “Крок у прафесію”, распрацаваны Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, які дапаможа не толькі зарыентавацца ў спецыяльнасцях, але і даведацца, ці сапраўды вам падыходзіць тая, на якую хочаце паступаць.

Варта таксама падкрэсліць, што ўсвядомлены выбар – справа не аднаго дня. Не рэкамендуецца рабіць яго за некалькі месяцаў да паступлення. Дзіця павінна мець час, каб лепш даведацца пра тое, што яму цікава. З гэтай мэтай для юных жыхароў Дзятлаўшчыны аддзел па працы і занятасці праводзіць яшчэ і прафарыентацыйныя акцыі “Дзень з прадпрыемствам”. Экскурсіі на вытворчасць і ў арганізацыі дазваляюць будучым выпускнікам убачыць, як арганізаваны вытворчы або працоўны працэс, якія тэхналогіі і тэхнічнае абсталяванне выкарыстоўваюцца, паназіраць за работай спецыялістаў. Для дзяцей гэта яшчэ і магчымасць паразмаўляць з прадстаўнікамі прафесіі, якая падабаецца, задаць хвалюючыя пытанні, акунуцца ў атмасферу, адным словам, даведацца пра ўсё знутры.

Даведка

“Крок у прафесію” – гэта маштабны лічбавы рэсурс па прафарыентацыі, разлічаны на ўсіх жадаючых праверыць сябе, незалежна ад узросту.

Тэсціраванне дзеліцца на тры тыпы. Першы – прафарыентацыя: дазваляе вызначыць сферу інтарэсаў і прапануе топ прафесій па ёй. Другі – прафадбор: сведчыць аб тым, наколькі абраная прафесія падыходзіць чалавеку, які праходзіць тэст. Трэці – комплекснае тэсціраванне: вызначае “партрэт” тэстуемага і выдае прапановы па прафесіях.

Спасылка

Прайсці тэсціраванне можна на сайце https://gsz.gov.by/popr/.

Пры праходжанні яго ананімна (без рэгістрацыі) перад атрыманнем выніку неабходна націснуць кнопку “Не захоўваць!”.

З жыцця

Больш за 200 школьнікаў Дзятлаўшчыны ўжо прайшлі тэсціраванне і атрымалі магчымасць вызначыцца са сферай інтарэсаў і выбраць сабе прафесію з улікам асабістых схільнасцяў і перавагаў.

Нядаўна спецыялісты аддзела па працы і занятасці па запрашэнні класнага кіраўніка Наталлі Белаус наведаліся да навучэнцаў сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава і пазнаёмілі іх з методыкай тэсціравання “Крок у прафесію”.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga