Мірнае неба павінна быць надзейна абаронена

Важнае Грамадства

Знакавай датай адзначаны 2024 год, калі Рэспубліка Беларусь будзе святкаваць 80-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а ўжо ў 2025 годзе сустрэнем 80-ы юбілей Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

З гэтай нагоды ў сакавіку наступнага года стартуе маштабная рэспубліканская героіка-патрыятычная акцыя “Вялікай Перамозе 80!”, мерапрыемствы якой будуць скіраваны на захаванне гістарычнай памяці аб падзеях ваеннага ліхалецця і ўвекавечанне подзвігу беларускага народа.

Аднак ужо сёлетняй восенню некаторыя населеныя пункты нашай краіны адзначылі юбілейную дату з дня свайго вызвалення ад ворагаў, і гэта “пераможнае шэсце памяці” прадоўжыцца дзень за днём. Горад Дзятлава сустрэне юбілей вызвалення 9 ліпеня 2024 года. Тым не менш жыхары раёна і ў будзённай атмасферы не забываюць пра слаўныя подзвігі савецкіх салдат і аддаюць даніну памяці загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны мірным людзям.

На Дзятлаўшчыне ў працоўных калектывах і з насельніцтвам па месцы жыхарства прадаўжаюцца сустрэчы работнікаў пракуратуры і аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама ў рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў ваенны час і пасляваенныя гады. На гэты раз з жыхарамі Жукоўшчынскага сельскага савета ў мясцовай бібліятэцы-клубе сустрэліся памочнік пракурора Дзятлаўскага раёна Ірына Забеліна і начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова.

– На жаль, мы з вамі назіраем, як у некаторых краінах нацызм зноў прадпрымае спробы адраджэння, і задача падобных сустрэч – расказаць, што ён сабой уяўляе, чым пагражае людзям, – адзначыла Вольга Рагачова. – Расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе прадаўжаецца, высвятляюцца новыя факты, якія прадастаўляюцца на агляд грамадству.

Сярод вялікага аб’ёму важнай інфармацыі Ірына Забеліна агучыла і той факт, што ў рамках крымінальнай справы аб генацыдзе вывучаюцца і адлічбоўваюцца матэрыялы ўсіх архіўных спраў, якія зводзяцца ў адзін інфармацыйны пласт. Цяпер пракуратурай Дзятлаўскага раёна і райаддзелам Следчага камітэта ідзе работа па ўстанаўленні сведкаў яшчэ аднаго месца масавага знішчэння людзей у часовым лагеры, што размяшчаўся ў лясным масіве каля гарпасёлка Наваельня ў кірунку аграгарадка Дварэц.

Спынілася памочнік пракурора і на карнай аперацыі СС “Гамбург”, якая ладзілася 14-18 снежня 1942 года па знішчэнні партызанскіх лагераў у лясных масівах Ліпічанскай пушчы і супраць вяскоўцаў, лаяльных да партызан. У час расследавання гэтых страшных падзей у якасці сведкі дапытана жыхарка Руды Яварскай Ніна Салавей, 1935 года нараджэння, якая расказала аб расстрэле мірных жыхароў з Гуты.

Прывяла Ірына Забеліна і ўспаміны сведкі з вёскі Навасёлкі Леаніда Юшкевіча, 1936 года нараджэння, які расказаў аб гібелі сям’і Чайкоўскіх.

У рамках дзейнасці створанай па ініцыятыве Генпракуратуры міжведамаснай камісіі па ўвекавечанні памяці ахвяраў генацыду беларускага народа ажыццяўляецца добраўпарадкаванне месцаў пахавання і перапахаванне знойдзеных у час расследавання астанкаў. Месцам знішчэння мірнага насельніцтва прысвойваецца спецыяльны прававы статус “Гісторыка-мемарыяльнае месца пахавання”. Гэта работа і расследаванне крымінальнай справы будуць прадоўжаны.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: