Адказ на гэта пытанне дасць раённы конкурс прафесійнага майстэрства механізатараў, занятых на ўзворванні глебы, “Лепшы араты-2023”, які праходзіць 3 і 4 кастрычніка на базе ААТ “Дварэц-Агра”.
У ім прымаюць удзел 13 прафесіяналаў сваёй справы з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна.
Арганізатарамі традыцыйных для нашага раёна спаборніцтваў выступілі ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і раённы камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
Конкурс праходзіць у дзвюх намінацыях: сярод механізатараў, якія працуюць на трактарах “Беларус-1523” (СГФ “АграМілк”, ААТ “Граніт-Агра”) і “Беларус-1221” (ААТ “Дварэцкі льнозавод”, ААТ “Граніт-Агра”) з чатырохкорпуснымі абаротнымі плугамі; механізатары, якія працуюць на трактарах “Джон-Дзір” (ААТ “Граніт-Агра”), “Беларус-3022” (КСУП “Войневічы”, ААТ “Дварэц-Агра”, КСУП “Хвінявічы”), “Беларус-3522” (СГФ “АграМілк”, КСУП “Жукоўшчына”) з васьмікорпуснымі абаротнымі плугамі. У кожнай з каманд, акрамя механізатараў, удзельнічалі галоўныя інжынеры і галоўныя аграномы сельгаспрадпрыемстваў.
Да ўдзельнікаў конкурсу “Лепшы араты-2023” звярнуўся старшыня камісіі – першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка:
– Шчыра вітаю вас на дварэцкай зямлі, на традыцыйным восеньскім аглядзе-конкурсе “Араты-2023”, мэта якога – выявіць лепшага з лепшых на ворыве. На працягу двух дзён вы прадэманструеце свае высокія прафесійныя якасці на шляху да перамогі. Жадаю ўсім удачы і высокіх вынікаў.
Намеснік начальніка аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення Мікалай Шых агучыў умовы ўдзелу і прызы пераможцам конкурсу.
Да пачатку спаборніцтваў была праведзена жараб’ёўка, па выніках якой за кожным механізатарам замацавалі пэўны ўчастак для ўзворвання на палетках ААТ “Дварэц-Агра”, у рамках конкурснай праграмы адбылася праверка тэхнічнага стану і камплектацыі тэхнікі (наяўнасць аптэчкі, сродкаў пажаратушэння), наяўнасць і стан спецвопраткі механізатараў. Інструктаж па ахове працы і тэхніцы бяспекі з запісам у журнале – таксама абавязковая ўмова конкурсу, без выканання якой ні адзін трактар у поле не выйдзе.
Удзельнікі конкурсу выехалі на палі і прыступілі да работы адначасова, працуюць у роўных умовах. Якасць ворыва ацэньваецца па некалькіх паказчыках: просталінейнасць, глыбіня, паўната і знешні выгляд паверхні ўзворвання, захаванне бакавых межаў участка і іншыя. За кожны з іх трактарысты-машыністы атрымаюць пэўную колькасць балаў, па суме якіх будуць вызначаны пераможцы і прызёры спаборніцтваў. Вынікі спаборніцтва будуць падведзены заўтра.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga