ГрадусПлюс. Пра парадак і бессаромнасць

Важнае Грамадства

Вялікім суботнікам завяршаецца на Дзятлаўшчыне месячнік па навядзенні парадку на зямлі.

Душа радуецца, калі бачыш землякоў, адзіных у сваіх памкненнях зрабіць чыстым і прыгожым свой родны раён.

Аднак, на вялікі жаль, такога меркавання прытрымліваюцца не ўсе. Праязджаем аграгарадок Круцілавічы, жыхары якога масава падграбаюць апалае лісце, рухаемся далей да павароту на вёску Карыца-1, дзе ёсць з’езд з дарогі, відавочна, пракладзены не адным аўтамабілем і бачым… горы. Толькі не тыя, дзе добра адпачываецца, а горы смецця, вялізную несанкцыянаваную звалку “са стажам”, на што паказваюць аб’ёмы і разнастайнасць. Тут цэгла, аконныя шыбы, будаўнічыя матэрыялы, дробная і гнілая бульба, нейкае смецце ў пакетах, рэшткі мэблі і яшчэ шмат цікавага, чаму напэўна не месца ў лясным масіве.

Звалка дасягнула такіх маштабаў, што без прымянення спецыяльнай тэхнікі яе наўрад ці можна ліквідаваць. Вось табе і навядзенне парадку: адны стараюцца – другія робяць землякам такі непрыемны падарунак.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі расказаў, што нягледзячы на вялікую работу па навядзенні парадку, якая пастаянна праводзіцца ў райцэнтры і кожным з сельскіх саветаў, праблема забруджвання навакольнага асяроддзя самімі людзьмі надзвычай актуальная.

– Сёння мы наведалі некалькі сельскіх саветаў, убачылі, як актыўна мясцовыя жыхары і прадстаўнікі мясцовай улады працуюць на суботніку. Дзякуй усім, хто адклікнуўся на запрашэнне, хто разумее, што парадак на роднай зямлі – гэта наш клопат, – адзначыў Аляксандр Станіслававіч. – Разам з тым стыхійная звалка, якую ўбачылі каля Карыцы-1, – таксама вынік свядомых дзеянняў саміх грамадзян, бязладдзе, аўтарамі якога з’яўляюцца людзі без сумлення. Відавочна, што смецце вывозілі неаднаразова і не адзін чалавек, разумеючы, што іх дзеянні незаконныя. Лічу, каб не дапускаць такіх сітуацый у далейшым, больш пільнымі трэба быць кіраўнікам сельскіх саветаў, звяртаць увагу на падкантрольную тэрыторыю. Важна, каб да вырашэння сітуацыі далучыліся раённыя інспекцыя па ахове расліннага і жывёльнага свету і цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Парушальнікі павінны быць пакараны рублём, гэта было б найбольш дзейсна.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga