Навучэнцы 10-11 класаў гімназіі № 1 горада Дзятлава атрымалі цудоўную магчымасць пазнаёміцца з армейскім жыццём.
Яны пабывалі на дні адчыненых дзвярэй у ваеннай часці 35544 горада Баранавічы – 815-м Цэнтры тэхнічнага забеспячэння. Вайскоўцы правялі для дзятлаўскіх гімназістаў змястоўную экскурсію. Намеснік камандзіра па ідэалагічнай рабоце пазнаёміў хлопцаў з гісторыяй часці, расказаў аб значнасці ваеннай службы.
Ваеннаслужачыя прадставілі юным гасцям узоры тэхнікі і ўзбраення, экіпіроўкі, сродкаў абароны і сувязі, расказалі аб іх прызначэнні і характарыстыках. Юнакі змаглі не толькі пабачыць, але і патрымаць у руках зброю. Каля яе гімназісты затрымаліся надоўга: агледзелі аўтамат Калашнікава, паспрабавалі яго сабраць і разабраць, пацікавіліся тэхнічнымі характарыстыкамі стралковага ўзбраення. Адметна, што на тэрыторыі часці была ўстаноўлена палатка з палявой кухняй, дзе госці, ваеннаслужачыя і іх сем’і падсілкаваліся салдацкай кашай.
Падобныя сустрэчы не толькі паказваюць жыццё вайскоўцаў, але і спрыяюць ваенна-патрыятычнаму выхаванню школьнікаў.
Мікалай ГУБКО,
кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні гімназіі № 1 горада Дзятлава
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga