Эканоміка складваецца, але аналіз і кантроль – у прыярытэце

Важнае Улада

На пасяджэнні Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта, якое праходзіла пад кіраўніцтвам старшыні Андрэя Садоўскага з удзелам старшыні камітэта эканомікі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандра Камянданта і начальніка ўпраўлення прадпрымальніцтва аблвыканкама Алены Валько, былі разгледжаны два пытанні.

Аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Дзятлаўскага раёна за студзень-верасень 2023 года расказала намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская. Адзначыла, што ацэнка работы эканомікі паказвае, што наш раён прадаўжае ўпэўнена развівацца, нягледзячы на санкцыі і абмежавальныя меры на еўрапейскім рынку. Назіраюцца пазітыўныя тэндэнцыі па ўсіх пастаўленых задачах. За 9 месяцаў выкананы асноўныя паказчыкі: тэмп росту намінальнай налічанай зарплаты клаў 117,3 %, аб’ёму інвестыцый у асноўны капітал – 130,6 %, індэкс фізічнага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі па наборы тавараў-прадстаўнікоў – 107,4 %, паказчык па рознічным тавараабароце праз усе каналы рэалізацыі – 104,4 %, тэмп росту пасажыраабароту – 126,3 %, грузаабароту – 115,1 %.

У сельскагаспадарчай галіне за гэты перыяд тэмп росту валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах 2022 года склаў 99,3 % пры заданні 104 %. З заданнем справіліся КСУПы “Войневічы”, “Жукоўшчына”, ААТ “Дварэц-Агра”, філіял “АграМілк”. Не забяспечылі выкананне ААТ “Граніт-Агра”, КСУП “Хвінявічы”, значнае зніжэнне дапусцілі ТАА “РоданАгра” і “РоданАграПол”. У галіне жывёлагадоўлі раёна вытворчасць валавой прадукцыі выканана на 107,5 %, раслінаводстве – на 91,4 %. З-за неспрыяльных умоваў надвор’я і недахопу вільгаці ў маі-чэрвені знізілася ўраджайнасць зялёнай масы траваў першага ўкосу, адпаведна было нарыхтавана менш сена і сенажу, што гаспадаркі пастараліся кампенсаваць за кошт сіласу. У жывёлагадоўлі тэмп росту ВВП у вытворчасці малака склаў 111,6 %, ад прадукцыі вырошчвання БРЖ – 105,4 %, свіней – 88,7 %. Рост вытворчасці малака забяспечылі ўсе гаспадаркі раёна, акрамя філіяла “АграМілк”. Зніжэнне прадукцыі жывёлагадоўлі, а ўсяго за справаздачны перыяд яе атрымана 3081 тона, з-за змяншэння колькасці маладняку БРЖ дапушчана ў ТАА “РоданАгра” і “РоданАграПол”. За 9 месяцаў атрымана 1949 тон прадукцыі вырошчвання свіней, прычым прагнозны паказчык не выкананы па той жа прычыне: з-за змяншэння пагалоўя.

За аналізуемы перыяд у цэлым забяспечана прыбытковая работа гаспадарак раёна: агульны прыбытак – 9,7 мільёна рублёў, рэнтабельнасць продажаў – 10,8 %. Аднак у разрэзе галінаў карціна адрозніваецца. Па раслінаводстве паказчыкі прыбытку і рэнтабельнасці будуць падлічаны па выніках года. У галіне жывёлагадоўлі прыбытак склаў 6,2 мільёна рублёў. Стратны від вытворчасці ва ўсіх арганізацыях – вырошчванне БРЖ, прыбытковы – малочная вытворчасць, ад якой атрымана 11,1 мільёна рублёў прыбытку, рэнтабельнасць 42,5 %.

Адным з індыкатараў выкарыстоўваемых для аналізу і прагнозу эканамічных працэсаў дзейнасці прадпрыемстваў з’яўляецца індэкс фізічнага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі. Па выніках работы за 9 месяцаў па наборы тавараў-прадстаўнікоў ён склаўся вышэйшы за прагнозны і выкананы на 107,4 %. Большая палова арганізацый раёна нарасціла аб’ёмы вытворчасці. Справіліся з бізнес-планамі па ІФА ААТ “Новаяльнянскі КХП”, “Дзятлаўская сельгастэхніка”, Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”. Не дасягнулі планавых паказчыкаў ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, што звязана са скарачэннем экспарту ў Расійскую Федэрацыю, зніжэннем курса расійскага рубля, ростам акцызы на пладовыя віны, планавым рамонтам на ўчастку “Парэцкі спіртзавод”. У ААТ “Дварэцкі льнозавод” з-за недахопу сыравіны для перапрацоўкі было недаатрымана 300 тон ільновалакна. Недасягненне плана ў Дзятлаўскім РУП ЖКГ звязана са зніжэннем спажывання цеплаэнергіі пры цёплай леташняй зіме і змяншэннем падагрэву вады з-за планавых работ па рамонце абсталявання. У цэлым напрыканцы года паказчык ІФА па раёне павінен быць вышэйшым за гадавое заданне і скласці 104,9 %.

Рашэннем Дзятлаўскага райвыканкама арганізацыям, падначаленым мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, на бягучы год быў даведзены нарматыў па зніжэнні ўзроўню затрат на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі, работ, паслугаў, які за студзень-чэрвень склаў -0,1 % пры заданні 1 %. Ён выкананы КСУПамі “Жукоўшчына” і “Войневічы”, РУП ЖКГ, не выкананы ААТ “Граніт-Агра” з-за бухгалтарскай памылкі ў папярэднім перыядзе і КСУП “Хвінявічы” з-за прыцягнення да сельгасработ старонніх арганізацый, набыцця кармоў.

За 9 месяцаў па раёне аб’ём эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў склаў 254,3 тоны ўмоўнага паліва пры заданні 332 тоны. На планавую лічбу не выйшлі з-за невыканання РУП ЖКГ замены неэканамічных катлоў і пячэй на некалькіх кацельнях, гэтыя работы перанесены на наступны год. Астатнія планавыя мерапрыемствы ў гэтым кірунку мяркуецца выканаць у 4 квартале бягучага года.

На 1 кастрычніка 2023 года запасы гатовай прадукцыі на складах прампрадпрыемстваў склалі 11,9 мільёна рублёў, або 51,3 % ад сярэднямесячнага аб’ёму яе вытворчасці: з бізнеспланамі справіліся ўсе. Экспарт тавараў за справаздачны перыяд – 10,3 мільёна долараў ЗША, або 158,6 % да мінулагодняга паказчыка. Экспарт паслугаў – 8,2 мільёна долараў ЗША, або 100,7 %. Аб’ём рознічнага тавараабароту гандлю праз усе каналы рэалізацыі – 82,5 мільёна рублёў, або 104,4 %. За аналізуемы перыяд прыцягнута амаль 82 мільёны рублёў інвестыцый у асноўны капітал, тэмп іх росту склаў 130,6 % пры мэтавых 102 %. Тэмп росту аб’ёмаў будаўніча-мантажных работ за 9 месяцаў – 198,4 %, або 34,9 мільёна рублёў пры заданні 18,5 мільёна рублёў, уведзена ў эксплуатацыю 1350 метраў квадратных агульнай плошчы жылля. У цэлым за аналізуемы перыяд атрымана 39,9 мільёна рублёў чыстага прыбытку. Стратна спрацавалі ТАА “РоданАгра” і “РоданАграПол”, аднак і яны плануюць напрыканцы года выйсці на прыбытковую работу. Задача да канца года – не страціць станоўчую дынаміку і справіцца з прагнознымі лічбамі.

Андрэй Садоўскі адзначыў, што толькі строгі ўлік і аналіз дазваляюць бачыць і выпраўляць недахопы, правільна планаваць і паляпшаць эканамічныя вынікі. Пасля абмеркавання з унесенымі змяненнямі і ўлікам завярэнняў кіраўнікоў арганізацый рашэнне райвыканкама па гэтым пытанні было прынята.

Аб выкананні бюджэту расказала начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Ірына Жэгала. Яна адзначыла, што ў бюджэт раёна за 9 месяцаў 2023 года паступіла 29 мільёнаў 565 тысяч рублёў уласных даходаў, удакладнены гадавы план выкананы на 79,9 %, тэмп росту – 132,5 %. Асноўную ўдзельную вагу сфарміравалі падатковыя даходы – з фізічных асобаў, на дабаўлены кошт, на прыбытак, на ўласнасць. Крыніцамі непадатковых плацяжоў былі кампенсацыі расходаў дзяржавы, дывідэнты па акцыях, даходы ад іншых формаў удзелу ў капітале. Запазычанасць суб’ектаў гаспадарання раёна па плацяжах у бюджэт на 1 кастрычніка зменшылася і склала 110,6 тысячы рублёў, дапусцілі яе ІП і фізічныя асобы. Акрамя ўласных даходаў, у бюджэт раёна былі атрыманы бязвыплатныя паступленні з вышэйстаячых бюджэтаў на суму 17 мільёнаў 877 тысяч рублёў, пераважная частка якіх – датацыя. Усяго даходы бюджэту раёна склалі 47 мільёнаў 442 тысячы рублёў, расходы прафінансаваны на 43 мільёны 108 тысяч рублёў. На фінансаванне сацыяльнай сферы выкарыстана 75,4 %. Даходы ад пазабюджэтнай дзейнасці павялічыліся на 117,3 %. Па выніках работы за 9 месяцаў кансалідаваны бюджэт раёна выкананы з прафіцытам, які склаў 4 мільёны 334,7 тысячы рублёў.

Як адзначыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, рэзервы ў раёне яшчэ ёсць, гадавы план па бюджэце амаль выкананы, усе свабодныя астаткі ў далейшым будуць выкарыстоўвацца на падтрымку сацыяльнай сферы і развіццё раёна.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga