Паэтамі, кажуць, нараджаюцца. А пісьменнікамі?
Магчыма, імі становяцца. Безумоўна, прыродныя здольнасці павінны прысутнічаць першапачаткова, але, каб стаць сапраўдным майстрам, патрэбна шматгадовая, няспынная праца.
Праца над павышэннем свайго інтэлектуальнага рахунку, праца над фарміраваннем сябе як асобы, праца душы, без якой няма майстра слова, няма Эверэста, такога жаданага для кожнага творцы. Гэта вельмі добра разумеў Вячаслаў Уладзіміравіч Адамчык, славуты беларускі пісьменнік, наш зямляк з вёскі Варакомшчына. Таму яго жыццё стала не проста спасціжэннем малой радзімы, але і спасціжэннем самога сябе праз характары і лёсы землякоў, людзей дзятлаўскай зямлі, іх горкага, шматпакутнага лёсу ў віхурах войнаў і рэвалюцый.
Ён нарадзіўся шчаслівым чалавекам, выбранцам неба. Нарадзіўся, каб праславіць родную зямлю, адкрыць у літаратуры сваю тэму- тэму жыцця заходнебеларускай вёскі, сказаць сваё арыгінальнае слова чытачу, паклікаць яго на прасторы палёў каля рэчкі Ятранкі, у сасновыя бары за Варакомшчынай, у лугі, дзе раскашуюць кветкі і травы.
У асобе Вячаслава Уладзіміравіча нібы спалучаліся два зусім розныя чалавекі. Адзін- адкрыты, шчыры, прыветлівы, гатовы да дыялога на любыя тэмы, гатовы разгарнуць душу да самых яе глыбіняў, толькі варта падабраць патрэбную танальнасць размовы, патрэбны эмацыйны фон. Другі- загадкавы маўчун, затоены, прыхаваны, не заўсёды і не кожнаму здольны сказаць тое, што думае, магчыма, нават недаверлівы. Пісьменнік з неспасцігнутай таямніцай- так можна ахарактарызаваць яго. І гэта норма для пісьменніка, бо асоба творчая заўсёды арыгінальная і незразумелая для тых, хто жыве толькі хлебам адзіным.
Асабіста мне з Вячаславам Адамчыкам пашчасціла сустракацца некалькі разоў. Размаўляць пра жыццё, слухаць успаміны дзяцінства, расказы пра дзяцей і сяброў. А потым была асалода сустрэчы з яго творамі, на старонках якіх ажывала гісторыя Дзятлаўшчыны, паўставалі яе людзі, працавітыя, шчырыя і зласлівыя, часам прагавітыя да чужога, дзівакі, што маглі аддаць апошняе бедным і абяздоленым. Розныя, як рознае і наша жыццё. Парывістая Алеся Мондрая, якая коштам забойства хацела стаць шчаслівай, забыўшыся, што за ўсё на гэтым свеце трэба плаціць. Прыгажун Імполь, што умеў пакарыстацца жанчынамі і іх даверлівасцю, спрадвечнай прагай стаць шчаслівымі, мець мужа і дзяцей. Міця Корсак- фантазёр і рамантык, праўдашукальнік з цвёрдым характарам. Старая Мондрыха- кабета мудрая і разумная, такія трымаюць на плячах усю сям’ю, хоць знешне здаецца, што “галавой” з’яўляецца муж. Кожны з герояў выпісаны дэталёва і праўдзіва, і кожны мае прататып- кагосьці з жыхароў Варакомшчыны, яго любімай вёсачкі непадалёк ад чыгуначнага пераезда.
Пашчасціла мне пазнаёміцца і з сям’ёй пісьменніка- жонкай Нінай Уладзіміраўнай, сынамі Уладзімірам і Міраславам. А пазней і з успамінамі Уладзіміра (Адама Глобуса) пра бацьку.
І паўстаў Вячаслаў Адамчык з тых сустрэч цудоўным мужам, клапатлівым і верным. Ён заўсёды стараўся забяспечыць сям’ю, не саромеўся ніякай працы, не зважаў на кпіны суседак: маўляў, ты і за бацьку і за маці шчыруеш. А калі захварэў Міраслаў і ўрачы не маглі вызначыцца з дыягназам, гатовы быў адаць сваё жыццё, абы сын паправіўся. Сябраваў з Мележам і Караткевічам, любіў пасядзець у шумнай пісьменніцкай кагорце, любіў прыроду, быў заўзятым грыбніком.
Пісьменнік, публіцыст, сцэнарыст, Вячаслаў Уладзіміравіч пакінуў значны след у беларускай культуры і літаратуры. Але найбольш каштоўная яго спадчына для нас, землякоў, дзятлаўчан. Варта разгарнуць раман “Чужая бацькаўшчына”- і перад намі паўстае Дзятлаўшчына 30-х гадоў мінулага стагоддзя, простае сялянскае жыццё, паўсядзенныя клопаты нашых бабуляў і дзядуляў. Непрыхарошанае, праўдзівае жыццё з горам і радасцю, нараджэннем і смерцю. Пісьменнік ніколі не стараўся змякчыць абставіны, змаўчаць, утаіць. Чалавек у яго творы грэшны і слабы, але ёсць у ім нейкая ўнутраная моц, якая праяўляецца ў экстрымальных сітуацыях, калі на парозе вайна і вораг пагражае родным і аднавяскоўцам. Тут і праяўляецца сапраўдны характар беларуса, наш з вамі характар. І тут ужо нас ні знішчыць, ні перамагчы немагчыма.
1 лістапада Вячаславу Уладзіміравічу Адамчыку споўнілася б 90 гадоў. Яго ўжо даўно няма з намі. Лёс не даў пісьменніку доўгага жыцця, але даў шчаслівы шанс пакінуць след на зямлі. І сёння, праз двадцаць два гады пасля яго смерці, можна з упэўненасцю сказаць: Дзятлаўшчына помніць свайго таленавітага сына. У Круцілавіцкай сярэдняй школе намаганнямі настаўніка геаграфіі Каско С.В. адчыніўся музей В.Адамчыка, пастаўлены каля вёскі Варакомшчына памятны камень з мемарыяльнай дошкай у гонар пісьменніка. Ёсць экспазіцыі, прысвечаныя В.Адамчыку, у школьных музеях гімназіі №1 і Жукоўшчынскай школы. Аднак хацелася б, каб імем В.Адамчыка была названа і адна з вуліц горада або адна са школ насіла імя пісьменніка. Магчыма, у хуткім часе так і будзе, бо памяць людская ўдзячная і заўсёды знойдуцца неабыякавыя людзі, што ўмеюць цаніць гісторыю і сваю малую радзіму.
Алена Абрамчык,
спецыяліст па турызме Дзятлаўскага ТІЦ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga