Аляксандр Бараноўскі: “Куды дзеўся гуманізм?”

Важнае Улада

Па звестках ад Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі, са жніўня 2021 года пагранічныя нарады нашай краіны знайшлі 38 загінулых з ліку бежанцаў.

На граніцы з Латвіяй ахвярамі сталі 10 чалавек, з Літвой – 9, з Польшчай – 19.

Бесчалавечная палітыка суседніх з Беларуссю краін Еўрапейскага Саюза вядзе да штогадовага павелічэння колькасці падобных смерцяў. Сёлета, напрыклад, на граніцы ўжо загінула ў паўтара раза больш бежанцаў, чым за мінулыя два гады. Калі ў 2021 годзе беларускімі пагранічнікамі зафіксавана гібель 6 чалавек, у 2022-ім – 9, то ў гэтым годзе ахвярамі сталі ўжо 23 чалавекі.

– У свеце неспакойна, таму, мяркую, колькасць людзей, якія ўцякаюць ад вайны і шукаюць сабе прыстанішча на іншых тэрыторыях, у тым ліку ў краінах Еўрапейскага Саюза, будзе толькі павялічвацца, – адзначае старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. – Мы некалькі гадоў запар назіраем, ды і не толькі назіраем, за сітуацыяй на прыгранічных тэрыторыях.

Для Гродзеншчыны, напрыклад, гэта праблема асабліва актуальная. Памятаеце, як восенню 2021 года ўвесь Прынёманскі рэгіён працягнуў руку дапамогі людзям з розных краін, якія сабраліся на польскай граніцы і не маглі трапіць у Еўрасаюз. Дзятлаўшчына таксама ўключылася ў падтрымку іншаземцаў, якія цярпелі ад голаду і холаду. Раённыя арганізацыі грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь” і “Беларускі саюз жанчын” перадавалі гуманітарную дапамогу, выязджалі ў лагер для бежанцаў і валанцёры нашага раёна, якія рэальнымі справамі дапамагалі, падтрымлівалі, палягчалі жыццё людзей, якія з-за дзеянняў еўрапейскіх палітыкаў сталі заложнікамі сітуацыі. Каб бежанцы не загінулі, з ініцыятывы кіраўніка нашай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі было прынята рашэнне перамясціць іх у лагістычны цэнтр, аказаць усебаковую падтрымку. Усе мы памятаем тэлевізійныя рэпартажы з месца падзей.

Безумоўна, самая вялікая “хваля” міграцыі прайшла. Тым не менш бежанцы па-ранейшаму не пакідаюць спробаў патрапіць у Еўропу. Зноў пачынаецца халодны сезон. І што мы бачым на граніцы з Польшчай? Іншаземцаў рэгулярна выцясняюць на беларускую тэрыторыю без цёплага адзення, абутку, часам з выкарыстаннем грубай сілы. Беларускія пагранічнікі і медыкі, калі паспяваюць, ратуюць гэтых няшчасных, але шанцуе не ўсім.

Куды дзеўся гуманізм, за які змагаецца цывілізаваная Еўропа? Ці ён не для ўсіх аднолькавы? Ці пагранічнікі краін-суседак страцілі разуменне, што перад імі жывыя людзі? Што ўжо казаць пра дзікіх жывёлін, якія рэгулярна гінуць з-за польскай агароджы ў Белавежскай пушчы.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga