Адшукаць дарогу дадому

Важнае

Ці ёсць у жыцці месца подзвігу? Каб адказаць на гэта пытанне, пагаворым не пра высокія і маштабныя дасягненні, а пра нашу паўсядзённасць.

Кожны раз, калі не застаёмся раўнадушнымі да чужой бяды, адгукаемся словам, справай ці нават невялікай падказкай, мы здзяйсняем нешта надзвычай важнае. Адзін з такіх выпадкаў узгадала дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык:

– Нярэдка ў сваёй рабоце мы сутыкаемся з выпадкамі, калі нераўнадушныя людзі прыходзяць на дапамогу не толькі сваім землякам, але і незнаёмым людзям. Такая гісторыя здарылася гэтым летам, калі ў праваслаўным храме горада Дзятлава з’явілася незнаёмая жанчына. На яе звярнулі ўвагу прыхаджане: незнаёмка не толькі малілася, але шмат размаўляла, прасіла грошы на аперацыю. Жанчына расказвала, што паехала шукаць падтрымкі, заблукала і не змагла вярнуцца дамоў на Шчучыншчыну. Ёй падказалі, што ў Дзятлаве жывуць добрыя людзі, тут могуць дапамагчы. Пры сабе яна не мела ні грошай, ні тэлефона, ні асабістых рэчаў. Мясцовыя жыхары паведамілі аб гэтым протаіерэю айцу Іаану, які ў сваю чаргу перадаў інфармацыю нам. У Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання мы накармілі жанчыну, пакінулі на начлег і высветлілі інфармацыю пра яе праз Шчучынскі цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Там пацвердзілі, што гэта сапраўды 54-гадовая жыхарка аграгарадка ў Шчучынскім раёне. На наступны дзень мы дапамаглі жанчыне набыць білет на аўтобус і адправілі па месцы жыхарства.

Гэты выпадак – адзін з многіх, што адбываюцца ў нашым жыцці, заклікае да важнага: не праходзьце міма чужой бяды. Нават калі вы самі не здольны дапамагчы, то можаце паведаміць службам ці асобам, якія справяцца з гэтай задачай. Дабрыня і спагада – простыя рэчы, якія робяць нас людзьмі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga