З 6 па 26 лістапада на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна праводзіцца комплекс мерапрыемстваў па супрацьдзеянні злачынствам супраць палавой недатыкальнасці, палавой свабоды непаўналетніх, абароту дзіцячай парнаграфіі.
Згодна з Крымінальным кодэксам да такіх злачынстваў адносяцца: згвалтаванні, гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару, палавыя зносіны і іншыя дзеянні сексуальнага характару з асобай, якая не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту, распусныя дзеянні, прымус да дзеянняў сексуальнага характару, арганізацыя, выкарыстанне заняткаў прастытуцыяй або стварэнне для гэтага ўмоваў, уцягванне ў такія заняткі або прымус да іх прадаўжэння.
З-за высокай латэнтнасці падобных правапарушэнняў у большасці выпадкаў даводзіцца сутыкацца са злачынствамі, якія ўжо адбыліся. Адной з умоваў іх учынення ў адносінах да малалетніх з’яўляецца тое, што ў сілу ўзросту дзеці не могуць разумець характар і значэнне такіх дзеянняў і аказваць супраціўленне.
Акрамя таго, злачынцы прымушаюць дзяцей утойваць, што здарылася, рознымі спосабамі. Нярэдка высвятляецца, што зламыснікі заводзяць знаёмствы з дзецьмі ў інтэрнэце, часам, дасылаюць фота- ці відэаматэрыялы парнаграфічнага зместу, расказваючы, што гэта модна. Злачынцы імкнуцца старанна хаваць сваю дзейнасць, што вядзе да шматэпізоднасці, таму на працягу некалькіх месяцаў, нават гадоў, дзеці могуць пакутаваць.
Здараецца, што і маці ведае, што бацька або айчым учыняе злачынствы супраць палавой недатыкальнасці дзіцяці, але саромеецца заявіць у міліцыю ці баіцца наступстваў.
На жаль, гвалт пакідае жорсткі след на псіхічным і фізічным стане дзяцей: у іх выпрацоўваецца комплекс віны, яны лічаць сябе горшымі за аднагодкаў, становяцца замкнёнымі, палахлівымі ці занадта агрэсіўнымі.
Тыя, хто сутыкнуўся з падобнай праблемай, могуць атрымаць інфармацыйную дапамогу на інтэрнэт-рэсурсе Kids.pomogut.by. Аднак міліцыя просіць не заставацца раўнадушнымі і ў выпадку выяўлення замахаў на палавую недатыкальнасць дзяцей паведамляць пра такія выпадкі ў групу наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі АУС Дзятлаўскага райвыканкама па тэлефоне 2-15-34 або на нумар 102. Ананімнасць гарантуецца.
Андрэй ЮШКЕВІЧ,
начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Фота з адкрытых крыніц
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga