За шчодрасць сэрцаў, за сямейнае цяпло…

Важнае Грамадства

Урачыстая сустрэча з лёгкай “ноткай суму” адбылася ў дзіцячым доме сямейнага тыпу Аляксандра і Марыны Шэлегаў з горада Дзятлава.

Доўгія 9 гадоў Аляксандр Леанідавіч і Марына Генадзьеўна выконвалі самую важную і пачэсную на Зямлі місію – былі бацькамі-выхавальнікамі для дзяцей, якія па розных жыццёвых прычынах засталіся без апекі кроўных бацькоў. Цяпер на гэтай пасадзе іх зменіць новая сямейная пара – Аляксандр і Марына Русаўскія.

Падзякаваць ад імя раённага выканаўчага камітэта за клапатлівыя адносіны, бязмерную пяшчоту і адказнае выкананне прафесійных абавязкаў Аляксандру і Марыне Шэлегам у іх апошні працоўны дзень, 25 кастрычніка, з кветкамі і падарункамі прыйшлі начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, галоўны спецыяліст аддзела Алена Чайкоўская і прадстаўніца шэфскай арганізацыі – спецыяліст па кадрах КСУП “Хвінявічы” Ірына Гоман.

– Днём і ноччу, не шкадуючы сябе, шмат гадоў вы аддавалі свае сілы, цярпенне і ўласным прыкладам выхоўвалі будучыню нашай краіны, – звярнулася да Аляксандра Леанідавіча і Марыны Генадзьеўны Марына Лашкоўская. – Вы гадавалі дзяцей, якія, як ніхто іншы, маюць патрэбу ў цеплыні, любові і клопаце. Мы вам глыбока ўдзячны за гэта. Жадаем здароўя, даўгалецця, радасці на кожны дзень. Безумоўна, нам будзе вас не хапаць. Ведаю, што мы і надалей станем сустракацца, бо ваш важкі вопыт, мудрыя парады вельмі патрэбныя маладым. Мы загадзя паклапаціліся, каб і для дзяцей расставанне прайшло спакойна. З новымі бацькамі-выхавальнікамі яны ўжо знаёмы, бо для гэтага ладзіліся сумесныя сямейныя сустрэчы і мерапрыемствы, ды і вашы сэрцы для іх, я ўпэўнена, па-ранейшаму застануцца адкрытымі.

Падзякавала бацькам-выхавальнікам і Алена Чайкоўская:

– Дзякуй, што вы “сустрэліся” ў маёй прафесійнай дзейнасці. Было шмат прыемных і кранальных момантаў, вы заснавалі многія традыцыі дзіцячага дома сямейнага тыпу, якія, мяркую, будуць прадоўжаны. Мы разам пражылі гэты час. Я давярала вам бязмежна, выдатна ведала, што з вамі хлопчыкі і дзяўчынкі з няпростымі лёсамі ў поўнай бяспецы. Вы дастойныя бацькі. Жадаю, развітаўшыся з прафесіяй бацькоў-выхавальнікаў, рэалізаваць усе вашы планы і мары, адчуць усю эмацыйную радасць адпачынку, новых сустрэч, перамогаў, падарожжаў. Шчасце павінна быць розным. Няхай яно ў вас абавязкова будзе. Прашу аб адным: падтрымайце дзяцей, якія асабліва зрадніліся з вамі, дапамагайце ім як духоўныя бацькі і настаўнікі. Веру, што вы адказна ўспрымеце гэту просьбу.

На развітанне ад спонсара – КСУП “Хвінявічы” – карысную ў побыце рэч, кухонны камбайн, Марыне і Аляксандру Шэлегам уручыла Ірына Гоман. Ад імя калектыву шэфскай гаспадаркі былым бацькам-выхавальнікам яна пажадала, каб іх заўсёды радавалі дзеці і ўнукі (да слова, Марына Генадзьеўна і Аляксандр Леанідавіч, акрамя прыёмных выгадавалі яшчэ і 7 родных дзяцей), каб дома было цёпла і радасна, прыходзілі толькі добрыя весткі.

Аляксандр Шэлег падзякаваў гасцям за шчырыя пажаданні і падарункі. Па добрай традыцыі ён таксама падрыхтаваў для іх прыемныя сюрпрызы – духоўную літаратуру.

– Гэтыя кнігі – каштоўны дар, які можа памяняць жыццё чалавека да лепшага, яны дапамагаюць сем’ям быць моцнымі, даюць карысныя парады сямейным парам і дзецям. Мы вельмі ўдзячны кіраўніцтву раёна і спецыялістам за грунтоўную падтрымку на працягу ўсіх 9 гадоў. Вельмі прыемна і спакойна, што на змену нам заступаюць маладыя бацькі-выхавальнікі, у сілах і пачуццях якіх мы поўнасцю ўпэўнены. Веру, што час прывыкання ў маладой сям’і пройдзе хутка. Мы ж са свайго боку заўсёды будзем гатовы падтрымаць словам і справай, будзем трымаць кантакт з новай сям’ёй, каб ім не было цяжка.

26 кастрычніка на працоўную вахту ў дзіцячым доме сямейнага тыпу горада Дзятлава заступаюць новыя бацькі-выхавальнікі, у вялікай сям’і пачынаецца новы этап жыцця. Няхай ён будзе не менш шчаслівым, цёплым і яркім, чым папярэдні. А сем’і Шэлегаў і Русаўскіх абяцаюць прадаўжаць сваё сяброўства і стасункі.

Ірына СТЫРНІК     

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga