Сям’я – галоўная каштоўнасць

Грамадства Свежыя навіны

У Дзятлаўскай раённай бібліятэцы з ініцыятывы аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама і раённага камітэта ГА “БРСМ” у рамках Тыдня бацькоўскай любові 20 кастрычніка прайшоў адкрыты дыялог на тэму “Партнёрства дзяржавы і сям’і ў інтарэсах розных пакаленняў”.

Мадэратарам размовы выступіла першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык. У якасці спікераў на дыялогавую пляцоўку былі запрошаны начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Кацярына Ваніслаўчык, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Навічэнкава, галоўны спецыяліст упраўлення Наталля Чарняк, клірык Сабора святых новамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай горада Дзятлава іерэй Аляксей Сцепановіч, дырэктар ЦСАН горада Дзятлава Таццяна Нікіпорчык.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў адкрытага дыялогу, спікеры адзначылі, што менавіта сям’я – галоўная каштоўнасць для чалавека, яго падмурак і аснова. У Беларусі сямейным каштоўнасцям адводзіцца ключавое месца, бо сям’я, гадуючы годных грамадзян, забяспечвае стабільнасць і росквіт дзяржавы.

Удзельнікі форуму паразважалі і прыйшлі да высновы, што сямейны дабрабыт спрыяе яшчэ і развіццю прагрэсу, фарміраванню агульначалавечых каштоўнасцяў, а яны ў сваю чаргу ў Беларусі з’яўляюцца надзейнай асновай для пераадолення лёсавызначальных выпрабаванняў і развіцця грамадства. Менавіта ў сям’і закладваюцца такія паняцці, як любоў да Радзімы, вернасць свайму абавязку, гонар і годнасць. Толькі “прырастаючы” моцнымі і шчаслівымі сем’ямі сучасныя беларусы могуць быць упэўнены, што наступныя пакаленні будуць моцна трымаць суверэнітэт у сваіх руках і гарантавана жыць у міры і згодзе.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены арганізатарамі мерапрыемства