Дзень пажылых людзей – добрая нагода выказаць словы ўдзячнасці людзям шаноўнага ўзросту, якія многія гады плённа працавалі ў нашым раёне.
З прыемнай місіяй да доўгажыхара Іосіфа Снягурскага завітаў старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак.
Разам з гасцямі Іосіф Уладзіміравіч узгадаў самыя яркія моманты сваёй біяграфіі: родныя Мяляхавічы, у якіх прайшло яго дзяцінства і дарослыя гады, службу ў Чалябінску, дзе вясковы хлопец навучыўся абслугоўваць танкі і кіраваць імі, службу пад Слуцкам на пачатку 60-х гадоў. Там, асвойваючы ваенную тэхніку, ён атрымаў вадзіцельскае майстэрства і вопыт. Калі вярнуўся дахаты, былому танкісту даверылі трактар.
Іосіф Уладзіміравіч усё жыццё прысвяціў сельскай гаспадарцы, працаваў у калгасе “Мяляхавічы” механізатарам. Ён дасканала ведаў тэхніку гаспадаркі, любіў ёй займацца: мог кіраваць любой машынай, трактарам, камбайнам. Працаваў старанна, пра што сведчаць узнагароды – граматы, падзякі, пасведчанні пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва.
А самая важкая яго працоўная ўзнагарода – ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Усе яны беражліва захоўваюцца ў сямейным архіве.
Іосіф Уладзіміравіч – багаты не толькі сваім шаноўным 93-гадовым узростам, але і вялікай сям’ёй: мае шмат унукаў і праўнукаў. Цяпер ён жыве адзін у Баравіках, але да яго часта прыязджаюць сыны з нявесткамі з Дзятлава і Мінска. Сам доўгажыхар не губляе бадзёрасці духу, вядзе актыўны лад жыцця: усё лета ездзіць на веласіпедзе, восенню па тры разы на дзень ходзіць па грыбы. Не пакідае і працу на зямлі: як толькі ў продажы з’явіліся мотаблокі, набыў такі агрэгат сабе і выкарыстоўвае яго для гаспадарчых патрэбаў.
А яшчэ – гасцінна сустракае родных, сваякоў і проста знаёмых, якія часта заязджаюць адведаць яго.
Вольга ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga