Першая дапамога пры апёках

Грамадства Свежыя навіны

Апёкі – адна з самых распаўсюджаных бытавых траўмаў.

Што датычыцца першай дапамогі, то пры апёках гарачымі вадкасцямі неабходна вельмі асцярожна зняць адзенне з пацярпелага ўчастка. Калі гэтага не зрабіць, глыбіня апёкаў будзе большая. Калі скура засталася цэласнай (гэта першая і другая ступень апёку), змясціце траўмаваны ўчастак пад струмень халоднай водаправоднай вады (але не ледзяной!) на 15-20 хвілін. Пасля гэтага трэба накласці стэрыльную павязку.

Першая дапамога пры апёках полымем – патушыць, максімальна хутка зняць адзенне, якое гарыць, эвакуіраваць пацярпелага з зоны павышанай тэмпературы ці задымлення на свежае паветра. Пры хімічных апёках – добра прамыць рану вадой (не менш за 20-30 хвілін). Пры электратраўме – вызваліць пацярпелага ад дзеяння току (вырваць з рук аголены провад, адцягнуць цела на бяспечную адлегласць), на апёкавую паверхню накласці стэрыльную павязку. Ні ў якім разе не займацца самалячэннем, абавязкова звярнуцца ў паліклініку ці бальніцу, а пры вялікім пашкоджанні неадкладна выклікаць хуткую дапамогу.

Што нельга рабіць пры апёках:

выкарыстоўваць ахалоджванне праточнай вадой пры апёках трэцяй і чацвёртай ступеняў. (Тут варта неадкладна выклікаць “хуткую”. Можна даць абязбольвальны сродак);

здымаць адзенне, калі яно прыліпла да скуры. У такім выпадку яго трэба абрэзаць па мяжы апёку;

праколваць пухіры;

дакранацца да пашкоджанай скуры рукамі;

прыкладваць да раны вату, лёд, пластыр.

Апёкі ні ў якім разе нельга апрацоўваць алеем, а таксама сметанковым маслам, смятанай, вяршкамі, кефірам, яечным бялком, крэмамі, мазямі (выключэнне складае пантэнол, яго можна наносіць пасля ахаладжэння пры апёках першай і другой ступеняў), мачой, сыпучымі лекамі, прысыпкамі, растворамі ёду, зялёнкі, перакісам вадароду, спіртам.

Алена ШАЙБАК,
галоўны доктар Дзятлаўскага райЦГЭ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga