Па тэме з аналітыкай. Праблема не дзяцей, а дарослых

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Тэма. Гвалт у сям’і – пагроза грамадству.

Факт

Выпадак здарыўся ў канцы верасня 2023 года ў адной з сем’яў Слонімскага раёна. Ахвярай хатняга гвалту стала 12-гадовая дзяўчынка, якую пабіў бацька. Слонімскім аддзелам была праведзена судова-медыцынская экспертыза па вызначэнні ступені цяжкасці цялесных пашкоджанняў, якія атрымала непаўналетняя. Вынікі экспертызы дапамаглі праваахоўным органам даць прававую ацэнку здарэнню.

Даведка

Хатні гвалт – гэта паўтаральны з павелічэннем частаты цыкл фізічнага, слоўнага, духоўнага і эканамічнага ўздзеяння з мэтай кантролю, запалохвання, выклікання пачуцця страху. У дачыненні да дзяцей ён праяўляецца ў грэбаванні іх інтарэсамі, адсутнасці элементарнага клопату і належнага забеспячэння асноўных патрэбаў: харчавання, адзення, жылля, адукацыі, медыцынскай дапамогі. Злачынствы ў час падобных сварак і канфліктаў нярэдка па жорсткасці і цяжкасці наступстваў пераўзыходзяць загадзя запланаваныя, добра падрыхтаваныя і ўчыненыя закаранелымі рэцыдывістамі і арганізаванымі групамі.

Меркаванне спецыяліста

Начальнік сектара судова-медыцынскіх экспертызаў Слонімскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертызаў Рэспублікі Беларусь Валянцін Скрыпко:

– Адной з глабальных праблем у галіне законнай абароны правоў дзяцей і падлеткаў з’яўляецца праблема жорсткага абыходжання з імі. Па статыстыцы 40 % выпадкаў гвалту над дзецьмі ўчыняецца ў сем’ях, прычым гэта негатыўная з’ява сустракаецца ва ўсіх сацыяльных групах, незалежна ад узроўню даходаў, адукацыі, становішча ў грамадстве. Некаторыя людзі недастаткова і не ў поўнай меры ўсведамляюць значнасць праблемы. А таму звяртаюся да бацькоў непаўналетніх. Памятайце: ніякая форма гвалту ў дачыненні да дзяцей не можа быць апраўданай. Часцей за ўсё сямейны недабрабыт тычыцца менавіта ўзаемаадносінаў паміж мужам і жонкай, а дзеці становяцца вымушанымі сведкамі і ахвярамі канфліктаў. Непаўналетнія з сем’яў, дзе практыкуецца гвалт, перажываюць пачуццё страху, а ўзаемаадносіны паміж такімі блізкімі вельмі напружаныя, таму не рабіце дзяцей закладнікамі сітуацыі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga