Новы дом для кароў – сучасны і эфектыўны

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Мадэрнізацыя малочнай жывёлагадоўлі – адно з ключавых пытанняў, якому надаецца ўвага на дзяржаўным узроўні.

У бягучым і наступным гадах па ўказе Прэзідэнта запланавана будаўніцтва новых малочнатаварных комплексаў па ўсёй Беларусі, у кожнай вобласці павінны ўвесці ў строй не меш за 10 такіх аб’ектаў.

На Гродзеншчыне адказна падыходзяць да пастаўленай задачы, перавышаючы даведзены план. Толькі ў нашым раёне ўзводзяцца 3 малочнатаварныя комплексы – у ААТ “Граніт-Агра”, ААТ “Дварэц-Агра” і СГФ “АграМілк”.

Комплекс “Засецце” разлічаны на 777 галоў дойнага статка і размешчаны паблізу дзеючай фермы СГФ “АграМілк”. Ён будуецца за кошт уласных сродкаў РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” і крэдытных рэсурсаў, падраднай арганізацыяй выступае Лідская ПМК-169. Інвестпраект будзе рэалізаваны да мая 2024 года, укамплектаваць яго плануецца за кошт уласнага пагалоўя гаспадаркі.

Аб ходзе будаўніцтва комплексу расказаў вытворца работ Сяргей Абраменка:

– На дадзены момант у грашовым эквіваленце выканана 60 % работ. Калі казаць пра фізічныя аб’ёмы, з двух кароўнікаў адзін завершаны на 90 %, другі – на 30 %, даільна-малочны блок – на 60 %. Таксама падыходзяць да заканчэння работы па ўладкаванні спадарожнай інфраструктуры і сетак камунікацыі: лакальнай ёмістасці, тэхналагічнага воднага аб’екта, прахадной, свідравін і воданапорнай вежы.

Будоўля ідзе ўдарнымі тэмпамі: на аб’екце разам з субпадрадчыкамі кожны дзень працуюць ад 40 да 60 чалавек, будаўнічая тэхніка. Гэтымі днямі вядуцца бетонныя работы на лакальнай ёмістасці і пляцоўках для выгулу, мантаж шторак у кароўніку, аддзелачныя работы, бурэнне свідравіны і асфальтаванне тэрыторыі.

Начальнік СГФ “АграМілк” Аляксандр Грынкевіч падзяліўся планамі па ўводзе і выкарыстанні новабудоўлі:

– “Засецце” – тыпавы праект комплексу на 777 галоў, аналагічны ў нас ужо ёсць у Хадзяўлянах. Да ідэі будаўніцтва новага аб’екта падштурхнуў той факт, што 40 % пагалоўя буйной рагатай жывёлы знаходзіцца на прывязных фермах, якія відавочна састарэлі. У той жа час на сучасных комплексах можна адысці ад утрымання на прывязі, праводзіць даенне з прымяненнем сучасных тэхналогій і з захаваннем рэгламенту. Для гэтага мы ўстанаўліваем даільныя залы вытворчасці ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка” з праграмным забеспячэннем “GEA” нямецкай фірмы Westfalia.

Кіраўнік філіяла падкрэсліў, што адзін з немалаважных аспектаў – істотнае паляпшэнне ўмоваў працы людзей: большую частку функцый “разумная” паўаўтаматычная даільная ўстаноўка выканае сама, роля аператара – пераддаільная падрыхтоўка і падключэнне. Камп’ютар сам вырашыць, колькі малака выдаіць, а колькі пакінуць, калі адключыцца; з дапамогай чыпаў можна будзе кантраляваць актыўнасць кароў, іх фізіялагічны стан.

– Гэта не прарыў, а жыццёвая неабходнасць, каб мы змаглі выйсці на сярэднегадавы паказчык – 7 тысяч кілаграмаў малака ад каровы. Гэта цалкам магчыма: калі на сёння сярэдні паказчык па фермах 5800 кілаграмаў малака, то на комплексе ў Хадзяўлянах доім 6400, – дадае Аляксандр Мар’янавіч. – Планы на будучыню – сканцэнтраваць усё наша дойнае пагалоўе на двух комплексах, пры гэтым павялічыць яго да лічбы ў 1950 галоў.

Ужо ў лістападзе ў СГФ “АграМілк” плануюць увесці  ў эксплуатацыю першы пускавы комплекс: адну з даільных залаў і малочна-даільны блок, да канца года запусціць яго і “перасяліць” сюды 400 кароў. Калектыў новага МТК “Засецце” складуць работнікі філіяла, у тым ліку прывязных фермаў, якія паступова падпадуць пад рэарганізацыю.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga