Надзейна, эфектыўна, аператыўна

Важнае Грамадства

Сёлета службе Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь споўніўся 71 год.

З гэтай нагоды ў Дзятлаўскім раённым аддзеле аховы прайшоў урачысты сход асабовага саставу і ўзнагароджанне супрацоўнікаў, якія дабіліся высокіх вынікаў у службовай дзейнасці.

– За 71 год у гісторыю службы аховы ўпісана нямала слаўных старонак, якія пацвярджаюць яе значную ролю ў забеспячэнні жыццядзейнасці людзей і нашай краіны, – адзначыў начальнік аддзела Сяргей Кулеш, звяртаючыся да калектыву. – Вы захоўваеце належны ўзровень бяспекі і абароненасці жыхароў і арганізацый Дзятлаўскага раёна, якія з’яўляюцца нашымі заказчыкамі. Вам характэрны сумленнасць, надзейнасць, уменне эфектыўна дзейнічаць у самых няпростых службовых сітуацыях. Жадаю і надалей годна выконваць службовыя абавязкі, моцнага вам здароўя, дабрабыту і сямейнага шчасця, мудрасці і невычэрпнай жыццёвай энергіі. Са святам, паважаныя калегі і дарагія ветэраны!

Сяргей Віктаравіч уручыў супрацоўнікам заслужаныя ўзнагароды.

Нагрудным знакам “За адзнаку” Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь адзначаны міліцыянер групы затрымання ўзвода міліцыі Сяргей Івашкевіч. Гродзенскім абласным упраўленнем Дэпартамента аховы аб’яўлены падзякі старшаму інспектару групы міліцэйскай, ваенізаванай і вартавой аховы Сяргею Майсейчыку і старшаму інспектару групы абароны дзяржаўнай сакрэтнасці і дакументацыйнага забеспячэння Вікторыі Рудзік. Падзяка начальніка абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама аб’яўлена міліцыянеру-вадзіцелю групы затрымання ўзвода міліцыі Сяргею Катрачу.

Да святочных пажаданняў далучыўся начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі АУС Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Юшкевіч:

– Паважаныя калегі, ад імя раённай міліцыі віншую вас з прафесійным святам. Служба аховы – адна з самых аператыўных і абсталяваных службаў міліцыі, якія стаяць на варце дзяржаўнай і прыватнай уласнасці, грамадскага парадку і бяспекі суайчыннікаў. Не лічачыся з асабістым часам, вы забяспечваеце надзейную абарону законных інтарэсаў грамадзян. На працягу многіх дзесяцігоддзяў супрацоўнікаў падраздзяленняў Дэпартамента аховы адрозніваюць вернасць абавязку, бязмерная самааддача, глыбокія тэарэтычныя веды, высокі прафесіяналізм, адвага і гераізм.

Андрэй Яўгенавіч уручыў падзячныя лісты начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама міліцыянерам-вадзіцелям групы затрымання ўзвода міліцыі Дзмітрыю Дорду, Віктару Рудаму і Дзмітрыю Шульгу.

Ад імя ветэранаў аддзела асабовы састаў з прафесійным святам павіншаваў Сцяпан Мацюкевіч.

Дарэчы, Дзятлаўскі аддзел Дэпартамента аховы прапануе маладым людзям ва ўзросце ад 18 да 28 гадоў выбраць дастойную і пачэсную прафесію праваахоўніка і далучыцца да дружнага калектыву аддзела. Сярод абавязковых патрабаванняў – наяўнасць прафесійна-тэхнічнай або сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Служба ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь пажадана для ўсіх кандыдатаў, але кандыдатуры маладых людзей, якія маюць сярэднюю спецыяльную і вышэйшую адукацыю можна разгледзець і без службы. Пры адборы ўлічваюцца маральныя і дзелавыя якасці, стан здароўя. Кандыдат можа атрымаць адмову за тое, што прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Для праваахоўнікаў дзяржавай прадугледжаны сацыяльныя льготы і гарантыі. У Дзятлаўскім аддзеле аховы новых супрацоўнікаў чакае цікавая і адказная служба па ахове грамадскага парадку, асабістай і дяржаўнай уласнасці, папярэджанне і своечасовае раскрыццё злачынстваў, забеспячэнне бяспекі людзей, абарона іх правоў і законных інтарэсаў. Наконт працаўладкавання трэба звяртацца на адрас: г. Дзятлава, вул. Фогеля, 15. Тэлефоны для даведак: 2-65-92, 2-51-90, 8-029-8823618.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены раённым аддзелам Дэпартамента аховы

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga