Лёс ветэрана – эпоха. Марыя Глебава

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

На Дзятлаўшчыне ў рамках нацыянальнага пошукавага праекта “Беларусь памятае. Памятаем кожнага” прайшоў моладзевы саміт “ПРОдвижение” з удзелам пошукава-даследчага атрада “Імпульс+”, які працуе на базе раённай піянерскай арганізацыі пад кіраўніцтвам старшыні райсавета ГА “БРПА” Ірыны Мішчанка.

Гэты праект рэалізуе рэспубліканская піянерская арганізацыя сумесна з Адміністрацыяй Прэзідэнта і Выдавецкім домам “Беларусь сегодня”.  Ён скіраваны на аднаўленне і захаванне гістарычнай памяці пра гераічныя подзвігі і лёс кожнага беларуса, які ўнёс свой уклад у вызваленне краіны. Праз дзейнасць піянерскіх пошукавых атрадаў мяркуецца стварыць інфармацыйную рэсурсную базу герояў і падзей Вялікай Айчыннай вайны і аднайменны мабільны дадатак.

– Беларусь шануе подзвігі загінулых і жывых, вядомых і безыменных салдат, партызан, падпольшчыкаў, памятае мільёны, сагнаных у фашысцкае рабства, закатаваных у канцлагерах і гета, і тых, хто каваў перамогу ў тыле ля станкоў і на палетках. Маладое пакаленне не дазволіць перапісаць праўдзівую гісторыю пра тую страшную вайну і гераізм продкаў, – падкрэсліла Ірына Мішчанка ў час форуму.

Сімвалічна, што сваё пасяджэнне юныя пошукавікі ладзілі ў пакоі будучага музея патрыятычнай скіраванасці раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. На сустрэчу з імі прыйшлі нашчадкі вядомай на Дзятлаўшчыне жанчыны – ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Марыі Глебавай, якой, на жаль, ужо няма ў жывых. Унучка Алена Белавус, праўнукі Антаніна і Іван з задавальненнем падзяліліся сямейнымі ўспамінамі, расказалі, што ў нашым раёне жыве і працуе яшчэ адзін унук Марыі Пятроўны – Валянцін Палухін.

Прысутныя даведаліся, што Марыя Глебава (у дзявоцтве Някрасава) нарадзілася ў шматдзетнай сям’і ў станіцы Лукаўской Няхаеўскага раёна Сталінградскай вобласці. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, на фронт пайшоў яе бацька, быў паранены, загінуў у шпіталі, які разбамбілі. Праз шмат гадоў Марыя з малодшым братам адшукалі яго магілу ў Магілёўскай вобласці. Старэйшы брат Уладзімір яшчэ да вайны быў прызваны ў армію, а ў чэрвені 1941 года яго дывізія адступала на ўсход і на Смаленшчыне трапіла ў акружэнне. Палітрук Уладзімір Някрасаў з дзясяткам байцоў прарваўся і далучыўся да 2-ой Ленінскай партызанскай брыгады. Змагаўся з ворагам, быў цяжка паранены, выжыў, узнагароджаны ордэнам баявога Чырвонага Сцяга. Сама Марыя Пятроўна, як толькі ёй споўнілася васямнаццаць, з сяброўкамі запісалася ў добраахвотнікі, трапіла на курсы ў Сталінград, служыла ў артылерыйскім зенітным палку, удзельнічала ў баях за Таганрог, Новачаркаск, Шахты, Адэсу. У 1944-ым пры медсанбаце адной з вайсковых часцей скончыла курсы медыцынскіх сёстраў, стала санінструктарам 485-га зенітнага артпалка. Дамоў вярнулася ў верасні 1945-га. Сярод баявых узнагародаў былі медалі “За баявыя заслугі”, ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медаль “За перамогу над Германіяй”, у мірны час да іх далучыліся шматлікія юбілейныя. У пажылым узросце ветэран пераехала жыць да сваякоў Палухіных на Дзятлаўшчыну, у аграгарадок Таркачы. Завяршыла зямны шлях у шаноўным узросце – за 90 гадоў.

Удзельнікі атрада “Імпульс+” пафатаграфавліся са сваімі гасцямі на памяць.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадаставіла Ірына МІШЧАНКА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga