У гэты дзень віншуем татаў! (+відэа)

Галоўнае Культура і адпачынак

Тыдзень бацькоўскай любові на Дзятлаўшчыне завяршыўся святочным канцэртам да Дня бацькі, які сабраў прадстаўнікоў улады раёна, працоўныя калектывы, дзятлаўчан у раённым цэнтры культуры і народнай творчасці.

Святочны настрой чакаў наведвальнікаў ужо ў фае ўстановы, дзе працаваў імправізаваны пункт продажу паштовак і сувеніраў Дзятлаўскага раённага вузла паштовай сувязі. Тут можна было набыць прыемныя падарункі, каб парадаваць блізкіх і сяброў.

– Другі год запар у Беларусі адзначаецца Дзень бацькі. Радасць бацькоўства не менш важная, чым шчасце мацярынства. Быць добрым бацькам – самая адказная і патрэбная работа ў жыцці мужчын, – павіншавала татаў і дзядуляў Дзятлаўшчыны ад імя раённага выканаўчага камітэта начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская. – Тата для дзіцяці – герой, абаронца, прыклад для пераймання. Нараўне з маці ён робіць каштоўны ўнёсак у развіццё інстытута сям’і, перадае традыцыі падрастаючаму пакаленню. Упэўнена, што гэта свята трывала замацуецца ў нашым жыцці і паспрыяе ўмацаванню сем’яў. Паважаныя таты, жадаю вам ісці па жыцці смела. Няхай вашы поспехі дапамогуць дзецям расці сапраўднымі людзьмі, патрыётамі Беларусі.

Тэму прадоўжылі вядучыя ўрачыстасці Чэслаў Свіб і Анастасія Голуб. Яны прапанавалі гледачам жартоўнае відэа “Тата можа”, заклікалі іх узгадаць, якімі былі дзеці, першыя словы, крокі, мары, іншыя шчаслівыя моманты.

Віншавальную эстафету пераняў ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец:

– Літаральна тыдзень таму мы адзначалі цудоўнае свята – Дзень маці, тыдзень прайшоў пад дэвізам бацькоўскай любові, і лагічным яго завяршэннем стаў Дзень бацькі. Бацька, як і маці, любіць, верыць, перажывае, спадзяецца, аднак усё гэта ён робіць па-свойму. Разам з тым бацькамі нас робяць нашы дарагія жонкі-маці, ім вялікае дзякуй. Жадаю усім шчасця, дабрабыту, міру і кахання.

Свой музычны падарунак Генадзь Тадэвушавіч адрасаваў жанчынам.

Не менш цёплыя і яркія музычныя, танцавальныя, вершаваныя паштоўкі для самых дарагіх людзей на Зямлі, татаў і матуляў, падрыхтавалі маленькія артысты з дзіцячага сада № 1 горада Дзятлава, гімназісты і дарослыя. Сярод іх былі Ала Чарняўская, Ганна Харлінская, Аксана Кашляк, Таццяна Шостка, Сяргей Малышчык, удзельніцы народнага хора ветэранаў працы “Ветэраны ў страі”, тэатр-студыя “Мелодыя душы” і іншыя таленты Дзятлаўшчыны. Знакам удзячнасці для ўсіх, хто выйшаў на сцэну, было мора пазітыву, апладысментаў і шчырых усмешак ад гледачоў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga