Казлоўшчына: па агародніну і зерне – на кірмаш

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Восеньскі кірмашовы сезон на Дзятлаўшчыне набліжаецца да завяршэння.

У суботу 21 кастрычніка трэція па ліку сезонныя распродажы вітаміннай прадукцыі адбыліся ў гарадскіх пасёлках Казлоўшчына і Наваельня. Апошні, самы вялікі кірмаш пройдзе ў Дзятлаве 28 кастрычніка на плошчы 17 Верасня.

Як ужо склалася традыцыйна, жыхары Казлоўшчыны не чакалі 9 гадзін раніцы, а паспяшаліся на кірмаш да яго афіцыйнага адкрыцця. Прадаўцы пастараліся задаволіць галоўныя патрэбы насельніцтва ў сезоннай прадукцыі. Яе даставілі тры сельгаспрадпрыемствы раёна і гаспадары прыватных гаспадарак як мясцовыя, так і са Століншчыны. Госці з іншага рэгіёна, расказалі, што ў гарпасёлку гандлююць агароднінай другую суботу запар, у мінулую распрадалі ўсё да апошняга кілаграма. Цяпер прывезлі яшчэ тры тоны “вітамінаў”. Актуальным попытам карыстаецца капуста па 70 капеек, някепска бяруць буракі і моркву – па 90 капеек. Раз-пораз падыходзяць пакупнікі і да суседняй машыны, дзе цыбуляй па цане 1 рубель за кілаграм гандлюе мясцовы жыхар.

КСУП “Жукоўшчына” прывезла на кірмаш яблыкі гатунку “Беларускае салодкае” па цане 1 рубель 10 капеек, іх пакупнікі бяруць з задавальненнем. Карыстаецца попытам агародніна, бо тут яна таннейшая: буракі па 60 капеек, морква па 70, ёсць бульба “Скарб” па 35 капеек за кілаграм.
Бульбу гатунку “Першацвет” усяго 1,2 тоны прывезла і КСУП “Хвінявічы”, а яшчэ гэта гаспадарка гандлюе пшаніцай і трыцікале. Багаты асартымент збожжавых у КСУП “Войневічы”, а ўсяго зерня прывезлі 5 тон, найбольш купляюць, па словах спецыялістаў, проса па 30 капеек за кілаграм, пшаніцу і трыцікале – па 55 капеек.

Як адзначыла старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Ала Гародка, жыхары Казлоўшчыны – людзі раннія, таму бойкі продаж пачаўся, як толькі прыехалі машыны з прадукцыяй. Незадаволеных няма, хаця на першым гарпасялковым кірмашы пакупнікоў было больш, але тады ў раёне гандаль ішоў адразу на 3-х пляцоўках, таму сваю прадукцыю прывозілі толькі дзве гаспадаркі. Цяпер прадстаўлена і зерне, і сезонная агародніна. Вядома, яе можна купіць у магазіне, аднак тут танней, і пасялкоўцы бяруць у большых аб’ёмах. Запрашалі на кірмаш шмат прадаўцоў, не ва ўсіх атрымалася прыехаць, тым не менш асноўныя групы тавараў прадстаўлены і па нізкіх цэнах, а самае зручнае, што ўсё на месцы.

Удзячныя за зручнасць і самі пакупнікі, яны падзяліліся меркаваннямі.

Ніна Бандарчук, пенсіянерка:

– Я запасалася агароднінай. Безумоўна, вырошчваю і сваю, аднак сёлета не ўрадзіла капуста. Добра, што ўсім неабходным нас забяспечваюць фермерскія гаспадаркі. Кірмаш ужо другі, на мінулым таксама выбару хапала. Наогул, Казлоўшчына – гэта сельскі пасёлак, амаль у кожнага ёсць свой кавалачак зямлі, што не вырасла – дакупім. Дзякуй работнікам сельвыканкама, што арганізоўваюць для нас сезонны гандаль.

Вікенцій і Людміла Буйко з Явара:

– Выдатны кірмаш, шмат зерня, ёсць агародніна, але нам не трэба, бо вырасцілі сваю. Куплялі 150 кілаграмаў пшаніцы, бо трымаем курэй. Бралі зерне і на першым кірмашы ў райцэнтры, але тут зручней – меншыя чэргі, хутчэй дастаяліся. Добра, што кірмашы праходзяць, у тым ліку ў пасёлках, што іх некалькі запар, значыць, у людзей ёсць гарантыя: калі адразу не паспелі, то потым дакупяць усё неабходнае.

Ірына Калнацкая з Казлоўшчыны:

– На першы кірмаш трапілі крыху пазней, таму не ўсё выбралі. Сёння набыла цыбулю і капусту для сябе, моркву – бацькам. У мяне свая дача, аднак сёлета былі саджанцы толькі ранняй капусты і перад зімой даводзіцца дакупляць гэту агародніну. Зручна, што ўсё на месцы, таму ўсім задаволены.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga