Дзелавы панядзелак. Сезонныя клопаты – па сезоне

Важнае Улада

Уборку кукурузы і агародніны, тэмпы рамонтных работ, арганізацыю бяспекі на дарозе, дзейнасць рэальнага сектара эканомікі, дапамогу ўразлівым катэгорыям грамадзян і іншыя тэмы абмеркавалі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

“Наслядзіла” прырода

Гродзеншчына яшчэ “не аправілася” ад наступстваў шквалістага ветру мінулага тыдня. Па вобласці не адноўлены 29 дахаў на будынках сельскагаспадарчых аб’ектаў, 2 – на прыватных дамах. У Дзятлаўскім раёне ўсе наступствы непагадзі ліквідаваны.

Па ўказанні старшыні райвыканкама ў населеных пунктах і на палосах адводу ўздоўж дарог прадоўжацца работы па выдаленні сухіх аварыйных дрэваў, паколькі яны становяцца асабліва небяспечнымі падчас моцных вятроў.

Не будуць зімаваць у адзіноце

У сельскіх саветах трымаць на асаблівым кантролі знаходжанне і ўмовы пражывання адзінокіх пажылых грамадзян – такое даручэнне прагучала ад Андрэя Садоўскага.

– Пачынаецца ацяпляльны перыяд. Многія сталыя жыхары раёна, якія запэўнівалі сацыяльныя службы, што на зіму паедуць да сваякоў, на самой справе застаюцца ў сваіх дамах. Ім патрэбны дапамога і клопат, кагосьці можна размясціць у сацыяльныя ўстановы. Нельга пакінуць іх без увагі. Аднак не перакладвайце гэту работу толькі на сацыяльную службу. Старасты вёсак і старшыні сельвыканкамаў лепш за ўсіх ведаюць, у якіх умовах і дзе жывуць іх людзі, – адзначыў Андрэй Уладзіміравіч, звярнуўшыся да дэпутатаў мясцовых Саветаў.

Будзе аб’яўлены конкурс сярод аратых

У гаспадарках раёна прадаўжаецца ўборка кукурузы. Яшчэ засталося ўбраць на сілас 1894 гектары і на зерне 549 гектараў. Па тэмпах работ адстаюць ААТ “Дварэц-Агра” і КСУП “Жукоўшчына”. Плануецца да 22 кастрычніка скончыць усе работы па гэтым відзе культур.

КСУП “Хвінявічы” завяршыла ўборку бульбы, зараз бульбаўборачны камбайн працуе на палях другога хлеба ў КСУП “Жукоўшчына”.

Паскорыцца плануюць гаспадаркі на гэтым тыдні па пад’ёме зябліва. На адным з апошніх восеньскіх відаў палявых работ па падрыхтоўцы глебы пад сяўбу наступнага года будзе арганізаваны раённы конкурс аратых.

Таксама займаюцца прадпрыемствы пастаноўкай тэхнікі на зімовае захоўванне.

Прааналізаваць попыт і забяспечыць неабходны аб’ём сельскагаспадарчай прадукцыі для рэалізацыі насельніцтву на сезонных кірмашах – такую задачу паставіў упраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, кіраўнікам гаспадарак Андрэй Садоўскі.

Будаўнічая дзейнасць кіпіць у раёне

Прадаўжаецца рамонт харчблока дзіцячага сада № 1, гісторыка-краязнаўчага музея ў Дзятлаве, капітальны рамонт шматкватэрных дамоў у Гезгалах і Казлоўшчыне, дваровай тэрыторыі па вуліцы Кірава ў райцэнтры і іншыя работы.

Дарэчы, перыядычна гучаць пажаданні дзятлаўчан аб прывядзенні іх дваровых тэрыторый у належны стан. На нарадзе спецыялісты ўдакладнілі, што такія рамонты праводзяцца па чарзе згодна з раённым планам.

У бліжэйшы час разгорнуцца работы па пракладцы каналізацыйнай сеткі па вуліцы Леніна ў Дзятлаве (падрадчык – КУПМС “Дзятлаўскае ПМС”).

Пешаходныя пераходы – маніторыць

На нарадзе гутарылі пра абыякавасць некаторых грамадзян да пераходу праезнай часткі ва ўстаноўленым месцы. Горш за ўсё, што такія паводзіны дарослых назіраюць дзеці – у іх і вучацца.

– Які прыклад падаём маладому пакаленню? За два метры ад пешаходнага пераходу каля школы бацькі праз праезную частку бягуць і цягнуць за сабою дзіця. Навядзіце парадак, праводзьце маніторынгі каля навучальных установаў штодня, – звярнуўся да праваахоўнікаў старшыня райвыканкама.

Дарэчы, у вобласці за мінулы тыдзень адбылося 10 дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам пешаходаў і веласіпедыстаў, у якіх адзін чалавек загінуў, 9 атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga