Дзелавы панядзелак. Надвор’е радуе, аднак зіма не за гарамі

Важнае Улада

Чарговая рабочая нарада ў старшыні райвыканкама была прысвечана тэмам тыдня, які скончыцца вялікімі выхаднымі, а таму і закраналіся як пытанні падрыхтоўкі да святаў, так і злабадзённыя тэмы, у тым ліку прафілактыкі, завяршэння сельскагаспадарчых і дарожных работ, якія варта выканаць, пакуль на двары плюсавыя тэмпературы.

Галоўнае – нераўнадушныя адносіны

Не спыняецца ў раёне прафілактычная работа. Восеньскія халады і пачатак ацяпляльнага сезона павялічваюць рызыку пажараў, на папярэджанне якіх скіравана рэспубліканская акцыя “За бяспеку разам!”. Ратаўнікі Дзятлаўшчыны актыўна абследуюць домаўладанні ўразлівых катэгорый насельніцтва, асаблівая ўвага надаецца сацыяльна ненадзейным сем’ям. Мінулы тыдзень прайшоў без вогненных здарэнняў, аднак у раёне зарэгістраваны няшчасныя выпадкі. Першы – гібель 2-х чалавек у вёсцы Таркачы, прычыны якой устанаўліваюцца, другі – утапленне мужчыны ў вёсцы Парэчча. Як адзначыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, прадугледзець такія сітуацыі цяжка, але варта ўважліва аналізаваць, што да іх прывяло. Суседзі, калегі, аднавяскоўцы – заўсёды побач, яны ведаюць, як жывуць людзі, і самае горшае – гэта раўнадушша. Пярвічная інфармацыя павінна паступаць і ад участковых інспектараў міліцыі. Вынікова працаваць трэба ўсім звёнам сістэмы прафілактыкі.

Не пакідаюць спробаў завалодаць чужымі грашыма і махляры. Жыхарка аднаго з аграгарадкоў нашага раёна ледзь не стала ахвярай дзеянняў зламысніка, які шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі спрабаваў аформіць на жанчыну крэдыт на 10 тысяч рублёў.

Спакойна, без здарэнняў у суботу ў райцэнтры прайшоў самы вялікі сельскагаспадарчы кірмаш гэтага сезона. Аператыўна і прафесіянальна спрацавалі праваахоўнікі і ў нядзелю пры пошуках жыхаркі Лідчыны, якая прыехала на Дзятлаўшчыну па грыбы і заблукала ў лесе. На шчасце, з сабой у жанчыны быў мабільны тэлефон, па якім яна звязалася з экстраннымі службамі і праз некаторы час выйшла на святло-гукавыя сігналы спецтэхнікі.

Кастрычніцкае надвор’е яшчэ дорыць нам сонечныя дзянькі, аднак сітуацыя хутка можа змяніцца, бо ў некаторых рэгіёнах краіны ўжо ішоў першы снег. Аўтааматарам і вадзіцелям-прафесіяналам час задумацца аб замене летняй “гумы” на зімовую. Да 1 снежня застаецца месяц, але паклапаціцца аб бяспецы сваіх машын можна ўжо цяпер, каб непагадзь не заспела знянацку і не стаць віноўнікамі калапсаў на дарозе.

Убраць, добраўпарадкаваць, адрамантаваць

Да фіналу набліжаюцца сельскагаспадарчыя работы на палетках. Копку другога хлеба завяршаюць 2 бульбаўборачныя камбайны. Кукурузы на зерне значна больш. Не паспяваюць па тэмпах работ у ААТ “Дварэц-Агра”, таму падтрымаць гаспадарку прыбудзе тэхніка з суседняга ААТ “Граніт-Агра”. На кантролі застаецца і ўборка агародніны, спраўляцца з якой аграрыям сёлета актыўна дапамагаюць працоўныя калектывы раёна. Адказны перыяд цяпер і ў жывёлагадоўлі: ажыццяўляецца пераход на аднатыпнае зімовае кармленне, таму варта сачыць, каб не было ваганняў паказчыкаў па надоях малака. Нотку добрага настрою напярэдадні прафесійнага свята работнікам сельскагаспадарчай галіны Дзятлаўшчыны закліканы прыўнесці конкурс аратых. Спаборніцтвы плануецца арганізаваць на працягу двух дзён і правесці ў бліжэйшы час.

Максімальна выкарыстаць пагодлівыя дзянькі спяшаюцца не толькі на вёсцы, але і ў дарожным будаўніцтве раёна. Па вуліцы Шашэйнай у Наваельні цяпер ідзе падсыпка грунту. У райцэнтры па вуліцы Леніна пракладваюць каналізацыйныя сеткі, “пройдзена” ўжо 30 метраў. У планах на восеньскі сезон і ямачны рамонт дарожна-вулічнай сеткі бітумнай сумессю. Кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі заклікаў дарожнікаў і камунальнікаў звяртаць увагу на найбольш праблемныя ўчасткі, напрыклад, ліквідацыі выбоінаў патрабуюць дарогі ў вёсках Погіры, Страла, Краглі, шмат ямаў на дарозе на вёску Кашкалы, надаць увагу варта і стану некаторых вуліц у райцэнтры.

У бліжэйшы час камунальнікі збіраюцца завяршыць рамонтныя работы дваровай тэрыторыі шматпавярховай забудовы па вуліцы Кірава райцэнтра. Цяпер тут ажыццяўляецца ўкладка тратуараў і выраб адмосткі, на наступным тыдні мяркуецца ўжо прыступіць да ўкладкі асфальту.

У час месячніка па навядзенні парадку, напярэдадні свята Кастрычніцкай рэвалюцыі замацаваныя арганізацыі Дзятлаўшчыны павінны навесці парадак на падшэфных ім помніках і пахаваннях, а таксама сачыць за ўборкай лісця на тэрыторыях каля сваіх адміністрацыйных будынкаў.

Іншыя тэмы коратка

На Дзятлаўшчыне гэтай восенню было высаджана 27 бяроз, па 10 дубоў, вербаў, клёнаў, а таксама каля 15 відаў дэкаратыўных кустоў.

У рамках святкавання Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі 3 лістапада ў Дзятлаве пройдзе мітынг каля помніка Леніну і ўрачысты канцэрт.

На абласны конкурс даследчых работ “Крыштальная Альфа” ўстановы адукацыі раёна накіравалі 17 работ, 11 з іх прайшлі адабрэнне.

Свой 75-гадовы дзень нараджэння 25 лістапада адзначыць вядомы краязнаўца Дзятлаўшчыны, нязменны кіраўнік народнага музея Новаяльнянскай сярэдняй школы Тамара Крывеня. З гэтай нагоды юбілярку запрасілі да ўдзелу ў тэлевізійным праекце “Беларуская супержанчына”.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: