З першай зарплаты – тэлефон для таты

Важнае Грамадства

Зусім нядаўна скончылася лета, якое прынесла школьнікам раёна не толькі яркі адпачынак, цікавыя сустрэчы і новыя ўражанні, але і магчымасць зарабіць грошы ў час канікулаў.

Старшакласнікі выбіралі для сябе спосаб сезоннага працаўладкавання: праз студатрады, Цэнтр занятасці або звярнуўшыся напрамую да кіраўніцтва арганізацый раёна.

Адзінаццацікласніца гімназіі № 1 горада Дзятлава Анастасія Швец прыйшла на летнюю занятасць у Дзятлаўскае РУП ЖКГ па рэкамендацыі таты, які шмат гадоў працуе тут вадзіцелем аўтамабільнага крана.

– Мне пазванілі з жылкамунгаса, я прайшла медагляд, сабрала ўсе неабходныя дакументы і прыйшла афармляцца ў аддзел кадраў. У той самы дзень прыступіла да абавязкаў сарціроўшчыка другаснай сыравіны на базе.

У пункце сарціроўкі Настасся працавала з двума сарціроўшчыцамі, якія заступалі пазменна. Усё па-даросламу: рабочы дзень, рэальная нагрузка, выкананне нормаў і планаў. Нягледзячы на такую занятасць, дзяўчына рада, што паспела і папрацаваць, і адпачыць гэтым летам:

– Хадзіла ўвечары гуляць з сябрамі, дапамагала бацькам, выхаднымі падарожнічала.

– Гэта першы твой працоўны вопыт?

– Не першы: раней працавала ад студатрада ў бібліятэцы, але гэта крышку іншае.

– Ці задаволіў заробак і на што ты яго патраціла?

– Усё атрымалася вельмі добра. Я адчула задавальненне ад таго, што зарабіла свае грошы, навучылася планаваць расходы: з першай зарплаты набыла тату новы мабільны тэлефон, да гэтага ў яго быў кнопачны, з другой – купіла сабе рэчы для школы.

Наперадзе ў Настассі адказны год падрыхтоўкі да цэнтралізаванага экзамену і паступлення на эканамічны факультэт ВНУ. Разам з тым яна спадзяецца, што і на наступны год атрымаецца папрацаваць у жылкамунгасе: запрашэнне дзяўчына ўжо атрымала.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: