З Афрыкі – на Дзятлаўшчыну

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

У Дзятлаўскім філіяле КУП “Гроднааблпаліва” працуе грамадзянін афрыканскай Рэспублікі Бенін – Доса Рышар Фатон.

На радзіме ён рэалізаваў сябе ў педагагічнай справе, у Дзятлаўскі раён яго таксама прывёў лёс бацькі-выхавальніка ў вялікую прыёмную сям’ю.

На працягу 15 гадоў разам з Людмілай Асіпук-Фатон яны з любоўю гадуюць родных і прыёмных дзяцей, многія з якіх ужо дарослыя, даўно стварылі свае сем’і.

Сам мужчына, маючы жаданне быць карысным не толькі дома, зарабляць грошы ўласнай працай, атрымаў у Баранавічах рабочую спецыяльнасць і быў прыняты ў дружную каманду філіяла спачатку памочнікам, а затым дрывакольшчыкам. Доса Рышар свабодна валодае англійскай, французскай, трыма афрыканскімі мовамі, добра разумее рускую, разам з тым вельмі адказна адносіцца да сваіх новых абавязкаў, ні ў чым не саступаючы калегам. Начальства характарызуе яго як надзейнага працавітага работніка, афрыканца цёпла прынялі ў калектыве.

Мужчына кажа, што шчыра палюбіў нашу краіну, нягледзячы на нязвыклыя кліматычныя ўмовы. Асабліва яго ўразілі самі беларусы, якія з дабрынёй  і спагадай адносяцца да іншых людзей.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga